У Мінску дазіметр каштуе 200 долараў

А ў Астраўцы ёсць попыт, але дазіметраў у крамах няма Напярэдадні чарговай гадавіны чарнобыльскай катастрофы Еўрарадыё вырашыла даведацца колькі каштуе дазіметр і як яго набыць звычайнаму беларусу.

Спачатку мы накіраваліся ў мінскія крамы. Дазіметры ў сталіцы “самай радыеактыўнай краіны” знайшлі толькі ў адным месцы. У краме “Белвар” насупраць Камароўкі. Самыя танныя каштуюць больш за 200 долараў!

Крама "Белвар": "У нас ёсць тры віды дазіметраў. Два ў выглядзе наручных гадзіннікаў. За 581 тысячу з пластмасавым рэмнем, і за 712 з скураным бранзалетам — яны нават пад вадой могуць вымяраць. І апошні варыянт — дазіметр у выглядзе вузенькага пеналу, які прычапляецца да поясу ці да кішэні. Ён каштуе 783 тысячы. Усе дазіметры падключаюцца да кампутараў і сігналізуюць, калі вы ўваходзіце ў зону радыяцыі".



У краме распавялі, што дазіметры ёсць толькі ў іх, больш нідзе. І попыт на іх, нягледзячы на дарагавізну, даволі вялікі. Праўда, людзі часцей проста цікавяцца, чым набываюць.

Крама "Белвар": "Акурат бліжэй да вясны людзі пачынаюць тэлефанаваць і цікавіцца дазіметрамі. Увесь час глядзяць ды набываюць. Хто па наяўным, хто па безнаяўным разліку. Таму што ў гандлі іх няма, толькі ў нас".

У краме прадаюцца дазіметры вытворчасці беларускай фірмы "Полимастер". Сам завод “Белвар” раней таксама выпускаў вымяральнікі радыяцыі, але потым перастаў. Чаму? На прадпрыемстве нам гэта патлумачыць не здолелі.

Белвар: “Мы цяпер дазіметры не вырабляем. Цяпер наш напрамак больш бытавая тэхніка, а не прыборная прадукцыя”.

Акрамя "Полимастера" вырабляюць дазіметры і на прадпрыемстве "Атамтэх". Праўда, іх можна купіць толькі юрыдычным асобам па безнаяўным разліку. Кошты, прыкладна, такія ж як і ў краме “Белвар”. Самы танны прыбор каштуе каля 200 долараў.

Атамтэх: “Мы працуем толькі з юрыдычнымі асобамі па безнаяўным разліку. У крамах нашых прыбораў вы не знойдзеце. Наш канчатковы карыстальнік — юрыдычная асоба. Самы танны дазіметр для вымярэння дозы гама-выпраменьвання каштуе каля 775 тысяч. А індывідуальны дазіметр для вымярэння назапашанай дозы — 555 тысяч”.

Неўзабаве каля Астраўца пачнецца будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Мясцовым жыхарам, здавалася б, самы час абзаводзіцца дазіметрамі. У горадзе, па звестках мясцовых уладаў, ёсць крама “Будмаркет”. Толькі там нібыта прадаюцца дазіметры. Адпраўляемся туды. Высвятляецца, што ніякіх дазіметраў там няма і ніколі не прадавалася! Але попыт на іх ёсць. Штодня ў краму па дазіметры прыходзяць па некалькі чалавек.

“Вы ўжо трэці чалавек за сёння пытаецеся”, — кажа нам прадаўшчыца і паціскае плячыма на пытанне, ці будуць яны калі-небудзь увогуле.

Не знайшлі мы дазіметраў і ў Гомелі, самым буйным горадзе, пацярпелым ад радыяцыі.

Чытайце таксама:

Дазіметр Еўрарадыё на плошчы Незалежнасці паказаў 60 мікрарэнтген

Адкуль радыяцыйная плітка ўзялася на плошчы Незалежнасці?

На плошчы Перамогі плітка яшчэ больш радыеактыўная, чым на Незалежнасці


Радыяцыйная плітка можа ляжаць і ў ваннай