У Лондане паставілі спектакль пра вар'яцтва Брытні Спірс

Сёння, 1 лютага, у Лондане адбудзецца прэм'ера спектакля Meltdown (Страта кантролю над сабою), прысвечанага жыццю скандальна вядомай спявачкі Брытні Спірс. Паказ пройдзе ў лонданскай канцэртнай зале Queen Elizabeth Hal.

У балеце Брытні Спірс нападае на папарацы, голіцца налыса, а потым адпраўляецца ў псіхіятрычную клініку на насілках.

Спектакль быў пастаўлены калектывам маладых танцораў Rambert Dance Company. Харэограф Х'юберт Эсакаў называе гісторыю падзення спявачкі "сучаснай трагедыяй".

Ён тлумачыць, што яго"ўразіла агульнае захапленне ёй. Немагчыма адкрыць газету і не ўбачыць яе на старонках. Кожны факт яе жыцця стаў вельмі цікавым і важным для ўсіх".

Дадам, што музыку напісаў Рычард Томас, адзін з стваральнікаў скандальнага антырэлігійнага мюзіклу Джэры Спрынгера "Опера".

Ролю Брытні выканала Джэма Ніксан, якая паказвае, як спявачка дайшла да адчаю з-за сталага пераследу прэсай. Паводле словаў самой балерыны, для яе "стала сапраўдным выклікам граць гэтую гераіню MTV".

Ніксан і Эсакаў рыхтаваліся да пастаноўкі, праглядаючы праграмы галівудскага тэлебачання, і былі шакаваныя ўбачаным.

Харэограф зазначыў, што ён "быў збянтэжаны гратэскавасцю гэтага персанажа". Ён перакананы, што гэты "балет - даніна павагі Брытні". Нягледзячы на тое, што гэта трагічная гісторыя страты розуму, Эсакаў лічыць, што ўсё скончыцца "вылячэннем".

Нагадаю, што сапраўдная Брытні Спірс у ноч з 30 на 31 студзеня была шпіталізаваная ў псіхіятрычнае аддзяленне медыцынскага цэнтра UCLA.

Фота: www.sekrety.waw.pl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі