У “Гомеля” чарговы “дзіўны матч”?

У “Гомеля” чарговы “дзіўны матч”?

У футбольнага клуба “Гомель” адбыўся чарговы “дзіўны матч”, піша “Прессбол”. На гэты раз з расійскім клубам “Ротар” з Валгаграда. Гэты паядынак таксама прайшоў на кіпрскім зборы. “Гомель” да 65-й хвіліны выйграваў з лікам 3:0, але пасля прапусціў тры галы (адзін — з пенальці), і матч скончыўся ўнічыю. Галоўны трэнер беларускага клуба Вячаслаў Герашчанка патлумачыў такі ход гульні праведзенымі ў перапынку масавымі заменамі.

Як паведамляла Еўрарадыё, 7 лютага на кіпрскім зборы “Гомель” у таварыскім паядынку з “Уралам” з Екацярынбурга выйграваў з лікам 2:0, але ў выніку прайграў — 2:5. Журналісты і змагары з дамоўнымі матчамі звярнулі ўвагу на падазрона вялікую колькасць букмекерскіх ставак на згаданы матч. У выніку Беларуская федэрацыя футбола вырашыла правесці разбіральніцтва. Герашчанка тады таксама тлумачыў сітуацыю заменамі, якія паўплывалі на вынік.

“Прессбол” піша, што нейкія “бізнэсмены” выходзяць на клубы і прапануюць ім аплаціць зборы ў замежжы. За гэта трэба будзе правесці некалькі таварыскіх паядынкаў па спланаваным сцэнары. І кіраўніцтва аднаго беларускага клуба пацвердзіла выданню факт такой прапановы. У ФК “Гомель” аднак адмаўляюць, што яны маюць дачыненне да падобнага, клуб сам аплаціў паездку на Кіпр.

15 лютага “Гомель” правядзе спарынг з польскім “Рухам”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі