У Беларусі працуе міграцыйная місія Еўрасаюза

7 верасня ў Мінск прыбыла 16-асабовая дэлегацыя Еўрасаюза. Яе мэта — абмеркаваць з беларускімі прадстаўнікамі пытанні і праблемы міграцыі. Гэта першая падобная еўрапейска-беларуская сустрэча, паведаміла Еўрарадыё старшыня місіі дырэктар Дэпартамента па міграцыі і бежанстве Міністэрства юстыцыі Швецыі Эва Окэрман-Бэр’е.
Эва Окэрман-Бэр’е: “Галоўная мэта місіі — наладзіць першы кантакт з рознымі бакамі, якія займаюцца міграцыяй і пытаннямі бежанства ў Беларусі. Таму мы збіраемся сустрэцца з афіцыйным урадам, прадстаўнікамі Міністэрства замежных спраў, Міністэрства працы і сацыяльнай аховы, але таксама з міжнароднымі арганізацыямі і прадстаўнікамі няўрадавых арганізацый”.

Візіт працягнецца да 10 верасня. Цягам трох дзён дэлегацыя Еўрасаюза сустрэнецца з прадстаўнікамі беларускага Чырвонага Крыжа і Арганізацыі маладых хрысціянскіх жанчын, а таксама наведае цэнтр трэніроўкі сабак на мяжы з Літвой.

Дэлегаты ЕС абмяркуюць з усімі зацікаўленымі бакамі міграцыйныю палітыку ў нашай краіне і падзеляцца досведам у гэтай галіне, каб працягнуць дыялог у будучыні. Раней падобныя місіі Еўрасаюза наведалі Грузію і Арменію.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі