У Беларусі чакаецца другая "Навальніца"

Другі па ліку міжнародны фестываль феерверкаў "Навальніца" адбудзецца 27-28 жніўня ў СК "Лагойск”. У межах імпрэзы сустрэнуцца і пазмагаюцца за перамогу лепшыя каманды Еўропы. Арганізатар фэста Ігар Сідаровіч абяцае, што праграма мерапрыемства будзе больш насычаная за леташнюю.

Ігар Сідаровіч: “У кожны з дзён гледачы ўбачаць выступы трох піратэхнічных каманд, а музычную частку фэста ўзначаляць “Бі-2” і “Акварыум”. Апроч гэтага мы прыклалі шмат высілкаў для рашэння транспартнага пытання: будзе павялічаная колькасць фестывальных аўтобусаў з Мінска і з’явіцца дадатковая паркоўка на 3 тысячы месцаў”.

У межах конкурснай праграмы паказаць сваё мастацтва стварэння вогненных карцін у небе прыедуць вядучыя піратэхнікі Італіі, Эстоніі, Украіны, Польшчы і Расіі. Завершыць фэст пазаконкурсны гала-феерверк ад беларускай каманды “Кальвін” — чэмпіёна Еўропы 2007 года. Ацэньваць выступы будзе аўтарытэтнае міжнароднае журы.

Нагадаем, першы фестываль “Навальніца” з вялікім поспехам прайшоў год таму на гэтай жа пляцоўцы і сабраў за тры дні больш за 30 тысяч чалавек.

Кошт квітка на кожны фестывальны дзень складзе 80 тысяч рублёў. Дзеці да 12 гадоў у суправаджэнні бацькоў могуць патрапіць на фэст бясплатна. Набыць квіткі можна ў касах Палацу Рэспублікі, КЗ “Мінск”, у пераходзе на пл. Якуба Коласа, а таксама ў электронных сістэмах TicketPro, Place.by, Kvitki.by і на старонцы www.soundline.by. Даведка і замова квіткоў: (025) 952 45 55. Больш падрабязную інфу пра фэст шукайце тут: www.navalnica.by.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі