Вы тут

У Беларусь не пусцілі ўкраінскую групу ветэранаў Чарнобыля

Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім / Еўрарадыё

Групу ветэранаў Чарнобыля з Украіны 10 верасня не пусцілі ў Беларусь нягледзячы на ранейшыя дамоўленасці. Пра гэта ў інтэрв'ю hromadske.ua распавёў амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім

Па яго словах, беларускі бок вельмі пільна глядзіць на тых. хто едзе ў краіну. МЗС Украіны рэкамендаваў сваім суайчыннікам устрымацца ад паездак у Беларусь, каб не стаць аб'ектам правакацыяў. "Таму што яны могуць проста з цікаўнасці пайсці і паглядзець, а потым зноў будуць беспадстаўныя абвінавачванні. Усім, хто плануе ехаць, мы б раілі рэгістравацца ў нашай консульскай службе. Прынамсі мы будзем ведаць, што яны тут", — тлумачыць Кізім. 

Пасля жорсткіх разгонаў мірных дэманстрацый у Беларусі дыпламат адкліканы ў Кіеў "для кансультацыяў і ацэнкі перспектываў беларуска-ўкраінскіх адносінаў". 

Па яго словах, падчас хапуноў за кратамі апынуліся і грамадзяне Украіны, а таксама этнічныя ўкраінцы, якія жывуць у Беларусі. Дакладную лічбу затрыманых украінцаў дыпламат назваць не змог. "Нават тыя ўкраінцы, якіх адпускалі пасля нашага ўмяшання, ні пра якую дапамогу не прасілі. А тых, што да нас звярталіся, то я магу назваць фактычна дзевяць чалавек", — удакладняе Кізім.

Адразу пасля пачатку затрыманняў украінская амбасада звярнулася ў МЗС Беларусі, каб ім далі ўсе спісы затрыманых украінцаў. Гэты спіс дыпламаты атрымалі толькі праз пяць дзён. Як вядома, за першыя дні ў Беларусі агулам было затрымана каля сямі тысяч чалавек. 

Кізім кажа, што ён асабіста займаўся вызваленнем украінцаў, якія прыехалі ў Беларусь. "Я непасрэдна займаўся нашымі блогерамі — гэта Рэвуцкі і іншыя. Я непасрэдна тэлефанаваў у Міністэрства замежных спраў, каб знайсці іх і вызваліць. Таму што яны не маюць дачынення да пратэстоўцаў, а тым больш да ўздзеяння на нейкія працэсы", — кажа дыпламат.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.