“Tokio Hotel” усё ж выступіць у Мінску

Культавы сярод падлеткаў нямецкі калектыў “Tokio Hotel” усё ж выступіць у Мінску. Канцэрт адбудзецца 26-га верасня на стадыёне “Дынама”, кошт квіткоў ад 25 да 50 тысячаў беларускіх рублёў. Раней паведамлялася, што канцэрт адмяняецца з-за недастатковага попыту на квіткі, але паводле слоў Андрэя Бандзюкевіча — прадстаўніка Art Music Service, якія разам з “Белдзяржцыркам” ладзяць гэты канцэрт, пытанне было ў іншым.

Справа ў тым, што “Tokio Hotel” прывозяць масквічы, якія і прапанавалі зрабіць дадатковыя канцэрты ў Мінску ды Кіеве. Першапачатковая дамова была на выступ гурта на мясцовай апаратуры, але прадстаўнікі “Tokio Hotel” на гэта не пагадзіліся.

Адпаведна, каб прывезці з Нямеччыны не толькі саміх музыкаў але і ўсё неабходнае для канцэрта абсталяванне, трэба значна больш грошай, а квіткі ў Маскве напачатку прадаваліся дрэнна.

Таму і было прынята рашэнне адмяніць дадатковыя канцэрты. Але на дадзены момант перамовы з прадстаўнікамі моладзевага нямецкага гурта скончыліся, засталося толькі паставіць подпісы ў кантракце.

Напрыканцы размовы Андрэй Бандзюкевіч дадаў: “Пачакайце яшчэ тры дні. Калі рэклама з’явіцца, то ўсё добра, калі не – усё дрэнна. Але 90-95 адсоткаў, што “Tokio Hotel” усё ж такі прыедзе ў Беларусь”. Дарэчы квіткі можна будзе набыць таксама з панядзелка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі