Theatre Of Tragedy сышоў з дыстанцыі

Вядомы нарвежскі готык-метал гурт Theatre Of Tragedy скончыў сваю 17-гадовую кар'еру. Музыкі стаміліся ад беспаспяховых спробаў "дагнаць музычны прагрэс і вырашылі сысці з дыстанцыі, саступіўшы дарогу маладым гуртам.  "Гэта было няпростае рашэнне, - пішуць Theatre Of Tragedy у сваёй "тлумачальнай запісцы". - Мы даўно задумваліся над гэтым, і прыйшлі да ўзаемнай дамовы падчас запісу альбома "Forever Is The World". Усе гэтыя гады мы спрабавалі сумяшчаць працу ў гурце з паўсядзённым побытам - але гэта рабіць усё цяжэй і цяжэй. Мы абзавяліся сем'ямі і жадалі прысвячаць больш часу сваім родным, што было немагчыма з нашым рок-н-рольным ладам жыцця і пастаяннымі раз'ездамі".

"Мы ведаем, што многія з вас расчараваныя і засмучаныя, - дадаюць удзельнікі каманды. - Але спадзяемся, што вы будзеце працягваць слухаць нашу музыку. Напрыканцы хацелася б падзякаваць усім вам, бо толькі дзякуючы вам Theatre Of Tragedy існаваў".

Гісторыя гурта скончыцца 2 кастрычніка 2010-га - роўна праз 17 гадоў пасля з'яўлення. Развітальны канцэрт "Тэатра" адбудзецца ў нарвежскім Ставангере, дзе калісьці адбыўся першы выступ гурта.

Нагадаем, што за сваю кар'еру Theatre Of Tragedy выпусцілі 7 альбомаў. Пасля сыходу першай вакалісткі Ліў Крысцін гурт перажыў істотную трансфармацыю і згубіў заваяваныя раней пазіцыі, перамясціўшыся ў другі эшалон скандынаўскага року.

Апошні альбом Theatre Of Tragedy "Forever Is The World" выйшаў у верасні 2009-га.

Фота: muslib.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі