Тэрміналаў з квіткамі і праязнымі на прыпынках у Мінску пакуль не будзе

Тэрміналаў з квіткамі і праязнымі на прыпынках у Мінску пакуль не будзе

У лістападзе 2019 года “Мінсктранс” паведаміў пра амбітны план: замяніць кіёскі з квіткамі і праязнымі на мінскіх прыпынках грамадскага транспарту адмысловымі тэрміналамі. Планавалася, што яны запрацуюць у першым квартале 2020 года. Але 13 студзеня начальніца фінансава-эканамічнага ўпраўлення ДП “Мінсктранс” Алена Раманава паведаміла Еўрарадыё, што рэалізацыя праекта пераносіцца, а абвешчаны тэндар прызналі такім, які не адбыўся.

“Гэта было абумоўлена тэхнічнымі прычынамі, бо не ўсе ўдзельнікі [тэндарнага конкурсу. — Еўрарадыё] адпавядалі [запыту замоўцы. — Еўрарадыё], таму прыйшлося адмовіцца. Але мы зноў абвясцілі тэндар”, — сказала Алена Раманава. 

Усяго ў “Мінсктранса” 164 кіёскі на прыпынках грамадскага транспарту. У арганізацыі лічаць, што абслугоўваць тэрміналы выгадней, чым утрымліваць кіёскі. Але калі з’явяцца тэрміналы, на прадпрыемстве пакуль сказаць не могуць: “усё залежыць ад фінансавання прадпрыемства і ад таго, які будзе кошт кантрактаў”.

Няма пакуль яснасці і з магчымасцю папаўняць праязныя праз інтэрнэт, таксама анансаванай пад канец мінулага года. Тэндар на закупку прылад для дыстанцыйнага папаўнення картак і праграмнага забеспячэння для гэтай сістэмы таксама не адбыўся. Пакуль што пасажыры могуць папаўняць праязныя толькі ў кіёсках “Мінсктранса”, касах метрапалітэна і тэрміналах БПС-Сбербанка.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі