“System of a Down” вяртаюцца на сцэну?

Басіст амерыканскай металічнай каманды “System of a Down” Шаво Ададжан (Shavo Odadjian) намякнуў на тое, што гурт, які пяты год адпачывае, плануе вярнуцца да актыўнай творчай дзейнасці, паведамляе Blabbermouth. Нядаўна Ададжан напісаў у сваім мікроблогу на сайце Twitter: "Are u guys ready for System???" ("Хлопцы, ці гатовыя вы да System???"). Чуткі аб адраджэнні “System of a Down” ходзяць ужо доўгі час, аднак іншыя члены калектыву пакуль афіцыйна іх не пракаментавалі.

Гурт “System of a Down” быў заснаваны ў Лос-Анжэлесе выхадцамі з Арменіі ў 1995 годзе. Калектыў выпусціў пяць студыйных альбомаў, кожны з якіх стаў плацінавым. У 2006 годзе “System of a Down” былі адпраўленыя ў доўгатэрміновы адпачынак і кожны з удзельнікаў заняўся ўласнымі праектамі.

Вакаліст каманды Серж Танкян выпусціў у 2007 годзе дэбютны сольны альбом "Elect the Dead", гітарыст Дарон Малакян і барабаншчык Джон Далмаян стварылі гурт “Scars On Broadway”, з якім запісалі адну пласцінку. У сваю чаргу Ададжан запісваўся з удзельнікамі рэп-калектыву Wu-Tang Clan.

Нагадаем, напрыканцы мінулага года Малакян, Далмаян і Ададжан выступілі з невялікім канцэртам на вечарыне ў Галівудзе, падчас якой выканалі песні “System of a Down” і “Scars On Broadway”.

Фота: www.mp3lyrics.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі