Сяргей Пукст: я больш не магу

Канцэрт, як патлумачыў музыка, стаў спробай пераасэнсавання сучаснай філасофіі праз пераламленне савецкай бардаўскай песні. Людзі, якія прыйшлі на канцэрт, разыходзіліся вельмі ўзрушанымі і сам Сяргей быў здзіўлены такой вялікай колькасцю слухачоў. Але, не гледзячы на лакальны поспех, Пукст збіраецца паставіць сваю музычную дзейнасць на паўзу. Вось,што музыка распавёў Еўрарадыё:

Адбываецца вельмі простая рэч: я адчуваю стомленасць і адсутнасць дынамікі ў выступах. Я маю на ўвазе дынаміку сваёй асобы. Гэта калі новыя песні не з’яўляюцца лепшымі за старыя. У выніку атрымоўваецца дзіўная сітуацыя. Я выконваю песні з канцэрту ў канцэрт, але публіка іх не слухае. Магчыма, гэта дэфект ва мне”.

Музыка ўдакладніў, што сваю публіку ён шануе і не лічыць дурной ці неадэкватнай:

Публіка заўсёды адэкватная. Як бы яна не была згвалтаваная FM-эфірам, усё адно публіка з’яўляецца адэкватнай свайму часу і адпаведна на ўсё рэагуе. Але я адчуваю, што я сам артыстычна слаба даносіў да яе некаторыя рэчы”.

Сяргей лічыць, што піша мала новых песень, і таму не бачыць сэнсу ў выступах:

Я не адчуваю задавальнення перш наперш ад сябе самога і ад таго, што я раблю. Бо на сённяшні дзень я вельмі мала пішу. Фактычна, гэта дзве песні ў год.

А паколькі я з’яўляюся музычным крытыкам, то, магчыма, і варта было б час ад часу пацвярджаць сваю кваліфікацыю, паведамляць, маўляў, чаму гэта я кагосьці крытыкую. Мне ж неабходна некім быць!

Ёсць нейкія невядомыя прасторы, якія мне былі цікавыя, і зараз у мяне ўсё згортваецца ўнутры. Я не ведаю, чаму”.

Кватэрнік ў гонар Мішэля Фуко” адбываўся ў адной прыватнай фотастудыі. Сяргей выступаў два аддзяленні. Першую частку канцэрту з публікай размаўляў Фуко, а другую ўжо сам Пукст. Канцэрт пачаўся значна пазней, чым быў заяўлены, бо людзі няспынна прыходзілі і ўладкоўваліся. Сяргей сумна жартаваў, распавядаў гісторыі сваіх песень, звяртаў ўвагу слухачоў на асабліва важныя лірычныя моманты і падкрэсліваў асабліва складаныя на яго погляд музычныя пасажы.

Сённяшні канцэрт быў незвычайны. Кватэрнік – гэта мой фармат, але па колькасці людзей – гэта не так. Звычайна, на мае кватэрнікі прыходзіць значна менш людзей. Я не ведаю, чаму сёння іх было так шмат.

Я вельмі рады такой вялікай колькасці, але гэта вельмі незвычайна для маіх апошніх выступаў, бо яны ідуць па сыходнай. У мяне было і дзесяць і сем чалавек. Я не магу больш. Гэта вялікі выкід энергіі і да гэтага трэба рыхтавацца, гэта трэба рабіць, і мне цяжка.


Я не магу заўсёды даваць новы матэрыял. Мне цяжка, бо нешта ў гэтым перастала мяне ўзбуджаць. Магчыма, гэта паўза, я не ведаю”.

Наступны і магчыма апошні выступ нігілістычнага джазмэна Сяргей Пукста адбудзецца 25 сакавіка ў клубе Графіці. Музычная Рэдакцыя Еўрарадыё раіць вам наведаць гэты канцэрт, бо сваіх нешматлікіх, на жаль, інтэлектуалаў варта слухаць і падтрымліваць. Сяргею мы жадаем трываласці і няхай музычная паўза не зацягваецца доўга.

 заглаўнае фота: Уладзімер Парфянок.

фота: Аляксандр Жэрнасек

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі