Сяргей Касціцын разважае над пераходам у КХЛ

Нападнік "Манрэаля" і зборнай Беларусі Сяргей Касціцын распавёў, што ў новым сезоне можа перайсці ў клуб КХЛ, і паразважаў пра перспектывы Беларусі на зімовай Алімпіядзе. Па словах хакеіста, якія цытуе "Прессбол", для беларускай зборнай неблагім вынікам быў бы выхад у чвэрцьфінал. Ён нагадаў, што на чэмпіянаце свету ў Квебеку беларуская каманда прайграла Расіі і чэхам толькі па булітах.

Касціцын распавёў, што калі "Манрэаль" адправіў яго ў фарм-клуб, то яму паступілі сур'ёзныя прапановы з Расіі наконт пераходу ў КХЛ: "Але канадцы б мяне не адпусцілі. Заставалася адна дарожка – уцякаць. Аднак я не хацеў рабіць гэтага ў алімпійскі год. ІІХФ магла бы мяне дыскваліфікаваць, і тады – бывай, Ванкувер".

Гэты год у Сяргея Касціцына апошні па кантракце пачаткоўца. Ён кажа, што пакуль не можа нічога сказаць пра свой далейшы лёс. У "Манрэалі" зробяць прапанову толькі пасля сезону. У іншы клуб НХЛ перайсці гулец не зможа, калі яго не абмяняюць. Таму пакуль што Касціцын разглядае два варыянты – або падпісаць новую дамову з канадцамі, або з'ехаць у КХЛ.