Сведка трагедыі: калі б лётчык не павярнуў самалёт, ён патрапіў бы ў наш дом

Жыхары польскай вёскі Малечын перакананыя, што яны засталіся жывыя толькі дзякуючы адвазе беларускіх пілотаў, якія не катапультаваліся, а адвялі самалёт ад іх дамоў
Працягваецца расследванне прычынаў падзення беларускага самалёта СУ-27, які разбіўся на аэрашоў у польскім горадзе Радам. На сённяшні момант няма ніводнай пэўнай версіі прычынаў аварыі. На месцы трагедыі безперапынна працуе польска-беларуская камісія па справах беспекі авіяцыі. Чорныя скрынкі пакуль не расшыфраваныя, але вялікую ролю ў высвятленні прычынаў катастрофы адыграюць сведчанні жыхароў вёскі Малечын, дзе і ўпаў самалёт.



Большасць жыхароў вёскі перакананыя, што яны засталіся жывыя толькі дзякуючы адвазе беларускіх пілотаў, якія не катапультаваліся, а адвялі самалёт ад іх дамоў.

“Шчыра, пілоты былі настолькі ўцямныя, што прызямліліся ў полі як надалей ад нашых дамоў”, – кажа спадарыня Кася, якая падчас аэрашоў збірала грыбы ў 300-х метрах ад месца трагедыі.

Па яе словах, калі самалёт пралятаў над яе галавой, то нібыло ніякага гуку, рухавікі не працавалі. І гэта моцна здзівіла Касю.

Спадарыня Кася: “Ведаеце, ён як пралятаў, то круціўся як бомба над маёю галавою. Я проста ўцякла, праз некалькі хвілінаў паказаўся тлум дыму. Мне падаецца што ў яго адключыліся маторы, бо яго зусім не было чуваць”.

Мар’юш Грылак, іншы сведка трагедыі, бачыў аварыю, як на далоні. Менавіта яго дом першым павінен быў сустрэцца з беларускім СУ-27.

Мар’юш Грылак:
“Ён ляцеў у наш бок, на наш дом, і калі б не вывярнуў, то патрапіў бы у наш дом, альбо вельмі блізка. Усе спалохаліся. Тут былі малыя дзеці. Я трымаў на руках дачку”.

Ян Казімерскі, яшчэ адзін сведка трагедыі, таксама перакананы, што нашыя пілоты зрабілі гераічны ўчынак. Беларускія лётчыкі павярнулі самалёт бокам, каб хоць крыху адхіліць яго ад бліжэйшых дамоў. З-за такога нахілу яны і не змаглі катапультавацца, затое машына спынілася ў 50-100 метрах ад бліжэйшага будынку.

Ян Казімерскі: “Рабіў апошні манёўр, сышоў лёгка ўніз, не ведаю, можа нават адбіўся (ад зямлі — ЕРБ) і ляцеў пад вуглом 20-25 градусаў... Праляцеў 150-200 метраў, ўжо нахіліўся на бок. У яго адляцела крыло, альбо слаба трымалася і ён рыў ім поле".

Нагадаем, у сераду целы беларускіх пілотаў палкоўнікаў Аляксандра Марфіцкага і Аляксандра Жураўлевіча, былі дастаўленыя на радзіму. Развітанне з імі адбудзецца 3 верасня ў баранавіцкім Доме афіцэраў.


Фота — wiadomosci.gazeta.pl; poczobut.livejournal.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі