The Sun склала спіс самых добрых знакамітасцяў

Узначаліў рэйтынг галівудскі акцёр Джоні Дэп. Зорка "Піратаў Карыбскага мора" здолеў вывесці з комы сваю прыхільніцу. Бацькі 17-гадовай Сафі Уілкінсан даслалі ліст Дэпу з просьбай запісаць аўдыё-пасланне для іх дачкі.

Акцёр зрабіў запіс, у якім выступіў у ролі свайго знакамітага персанажа Джэка Вераб'я. Калі Сафі пачула голас куміра, то пачала варушыць нагамі. Да гэтага яна прабыла ў коме 5 месяцаў.

Падобная ж гісторыя здарылася таксама з удзельніцай гурта Spice Girls Джэры Холіўэл. Яе спеў прабудзіў 14-гадовую Джэсіку Найт, якая перанесла інсульт.

У спіс самых добрых знакамітасцяў патрапіла таксама актрыса Рэнэ Зэльвегер. Зорка фільма "Дзённік Брыджыт Джонс" пашкадавала прадаўшчыцу адной з нью-ёркскіх крамаў Вэндзі, якая з сумам разглядала пару пантофляў Manolo Blahnik. Калі ж прадавачка вярнулася да свайго працоўнага месца, яе чакала запакаваная пара жаданых туфляў.

Гісторыя акцёра Коліна Фарэла і мужчыны-бамжа пачалася пяць гадоў таму ў Таронта. Мясцовая радыёстанцыя прапанавала 1000 долараў таму, хто здолее прывесці Фарэла, які здымаўся недалёка, у студыю. Колін пачуў гэтае шоў, узяў з сабой бамжа і аддаў яму выйграныя грошы, калі яны дабраліся да студыі.

Летась пара зноў сустрэлася. Гэтым разам акцёр набыў яму адзежу і даў грошай.

У рэйтынг патрапіла і амерыканская тэлевядучая Опра Уінфры. У 2004 годзе яна здзівіла гасцей свайго шоў тым, што падарыла кожнаму з іх аўтамабіль. 276 чалавек атрымалі транспартны сродак коштам 30 000 долараў.

Затым Опра падарыла беднай дзяўчынцы стыпендыю на 4 гады навучання ў каледжы, а таксама 10 000 долараў на вопратку і салон прыгажосці.

Фота: www.popcorner.pl