Стывен Спілберг байкатуе Алімпійскія гульні ў Пекіне

Амерыканскі кінарэжысёр Стывен Спілберг афіцыйна пакінуў пост мастацкага кансультанта летніх Алімпійскіх гульняў у Пекіне на знак пратэсту. Спілберг абвінаваціў Кітай ў нежаданні аказаць ціск на кіраўніцтва Судана, каб тыя скончылі пакуты тысяч людзей у суданскай правінцыі Дарфур, дзе ўжо пяць год доўжыцца ўзброены канфлікт. За час канфлікту былі забітыя каля 200 тысяч чалавек – у асноўным чорныя жыхары заходняга рэгіёна Судана. Два мільёны сталі бежанцамі.

“Сумленне не дазваляе мне працягваць працу, як быццам нічога не адбываецца, – сказаў у сваёй заяве галівудскі рэжысёр. – Зараз я павінен накіроўваць увесь свой час і энэргію не на правядзенне алімпійскіх цырымоній, а на тое, каб супыніць жудасныя злачынствы супраць чалавечнасці, якія да гэтага часу адбываюцца ў Дарфуры”.

Адзначым, што ў 2006 годзе Спілберг атрымаў запрашэнне кансультаваць кітайскага рэжысёра Чжана Імоў, якому даручылі арганізацыю цырымоніі адкрыцця і закрыцця Алімпійскіх гульняў-2008. Але амерыканскі рэжысёр так і не падпісаў афіцыйны кантракт з аргкамітэтам пекінскай Алімпіяды. Таксама яшчэ вясной 2007 года ён напісаў ліст Ху Цзыньтаа, генеральнаму сакратару Камуністычнай партыі Кітая, з просьбай звярнуць увагу на тое, што адбываецца ў Дарфуры. У жніўні мінулага года Спілберг упершыню заявіў пра тое, што гатовы выйсці з алімпійскага праекту.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі