Спілберг зніме баёпік пра Bee Gees

Браты Робін і Бары Гібы вядуць перамовы са Стывенам Спілбергам (Steven Spielberg) пра здымкі фільма, прысвечанага гісторыі Bee Gees.  Мяркуецца, што знакаміты рэжысёр атрымае права выкарыстоўваць любыя песні легендарнай каманды, якія яму спатрэбяцца.

Нагадаем, што Bee Gees з'яўляюцца адным з самых паспяховых поп-гуртоў у гісторыі сусветнай музыкі. 25 альбомаў, запісаных імі за 35 гадоў, разышліся па ўсім свеце 100-мільённым накладам.

Гурт быў сабраны трыма братамі ў 1963-м годзе. У 1965-м выйшаў іх дэбютны альбом «The Bee Gees Sing and Play 14 Barry Gibb Songs». На той момант Бары было 19 гадоў, а двайнятам Робіну і Морысу па 15. У 1966-м іх сінгл «Spicks and Specks» узначаліў чарт Аўстраліі, а ў наступным годзе хіт «New York Mining Disaster 1941» скарыў брытанскі чарт. Пасля выхаду на экраны фільма Роберта Сцігвуда «Saturday Night Fever» (1977) з музыкай братоў Гіб Bee Gees сталі самым папулярным гуртом у свеце.

Да пачатку 2000-х калектыў працягваў актыўна гастраляваць і выдаваць альбомы. Але пасля нечаканай смерці Морыса Гіба ў 2003 годзе Бары і Робін прынялі рашэнне больш ніколі не выступаць як The Bee Gees. Апошні альбом гурта «This Is Where I Came In» выйшаў у 2001 годзе.

Фота: virginmedia.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі