Скарлет Ёхансан дэбютуе ў музыцы

Доўгачаканы дэбютны альбом актрысы Скарлет Ёхансан атрымаў афіцыйную дату рэліза.
Кружэлка, якая атрымала назву «Anywhere I Lay My Head», трапіць да слухачоў 20 траўня.

Дыск уключыць у сябе падборку кавер-версій песень Тома Уэйтса, да творчасці якога Скарлет ставіцца вельмі неабыякава. Апроч дзесяці перапевак класічных рэчаў знакамітага музыкі на дыск увойдзе і адна аўтарская кампазіцыя зоркі «Цяжкасцяў перакладу».

Альбом быў запісаны на студыі Dockside Studios у Луізіяне пад кіраўніцтвам прадзюсара Дэвіда Сітэка, удзельніка індзі-гурта TV On The Radio. Да запісу дыска таксама быў прыцягнуты гітарыст нью-ёркскай каманды Yeah Yeah Yeahs Нік Цінэр.

Для 23-гадовай Скарлет гэта не першае з'яўленне ў свеце музыкі. У 2006-м годзе песня ў яе выкананні «Summertime» увайшла ў складанку «Unexpected Dreams - Songs from the Stars», а летась актрыса па запрашэнні музыкаў Jesus & Mary Chain праспявала з імі некалькі песень на ўз'яднальным канцэрце гурта ў рамках фэсту Coachella. Акрамя таго, Скарлет паспела засвяціцца ў кліпах Боба Дылана і Джасціна Тымберлэйка.

Фота: www.walls-world.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі