Што вядома пра крымінальную справу, якую дапамог раскрыць Лукашэнка

Што вядома пра крымінальную справу, якую дапамог раскрыць Лукашэнка

1 лютага Аляксандр Лукашэнка ў гутарцы са старшынёй Дзяржкамітэта судовых экспертыз Андрэем Шведам заявіў, быццам дапамог раскрыць крымінальную справу 2009 года пра забойства жыхаркі Магілёўскай вобласці. Як заявіў кіраўнік дзяржавы, да яго звярнуўся бацька забітай і папрасіў разабрацца. Лукашэнка, па яго словах, за  суткі вывучыў справу і даў каманду пракурору і старшыні КДБ правесці новае расследаванне. Зламысніка знайшлі ў Расіі і вярнулі ў Беларусь. Папярэдні прысуд яго апраўдаў, але цяпер справа накіраваная на паўторны разгляд у Вярхоўны суд.

Як даведалася Радыё "Свабода", падазраваным у забойстве праходзіць Юрый І. Ён служыў ва ўнутраных войсках, потым вучыўся ў Магілёўскім інстытуце МУС, але не скончыў. Паводле чутак, быў адлічаны за п’янку. Хлопец працаваў у Расіі, на радзіме бываў наездамі. Яго затрымалі яго ў цягніку. Маці падазраванага гандлявала на Чаркізаўскім рынку ў Маскве.

З забітай жанчынай Юрый пазнаёміўся ў рэстаране, сустракаўся зь ёю. На момант злачынства мужчыну было 26 гадоў. Паведамляецца, што Юрый забіў жанчыну ў яе катэджы 3 лютага 2009 года, нанёсшы каля 50 удараў нажом. Каб забойства не выкрылі, ён знішчыў адбіткі пальцаў у пакоі і ўключыў газ.

Дарэчы, у тагачаснай магілёўскай прэсе пісалі, што на целе забітай жанчыны было больш за 20 нажавых ран. 

Што вядома пра крымінальную справу, якую дапамог раскрыць Лукашэнка
Як пра забойства пісалі непасрэдна пасля яго здзяйснення.

Бацькі забітай западозрылі няладнае, калі дачка перастала выходзіць з дому і не прыйшла на сустрэчу з сяброўкамі. Дзверы ў доме ніхто не адчыняў. Выклікалі міліцыю, якая разам з газаўшчыкамі ўзламала дзверы. Цела жанчыны знайшлі ў ложку, а дом быў запоўнены газам.

Падчас расследаваньня былі затрыманыя шэсць мужчын. Іх паказанні праверылі на дэтэктары хлусні.

Як распавялі журналістам крыніцы, блізкія да сям’і, падазраваны прызнаўся ў забойстве і даў пісьмовыя паказанні пра падрабязнасці злачынства. Ён нават распавёў, дзе выкінуў нож. Прыладу забойства адшукалі ў смеццевым кантэйнеры каля кінатэатра "Радзіма". 

Між іншага, ад дома на вуліцы Крупскай, дзе адбылося забойства, да кінатэатра 5 км.

Што вядома пра крымінальную справу, якую дапамог раскрыць Лукашэнка
Адлегласць ад дома, дзе адбылося забойства, да кінатэатра "Радзіма", дзе быў знойдзены нож.

На судзе падазраваны адмовіўся ад сваіх паказанняў, дадзеных падчас следства. Ён заявіў, што паказанні з яго выбілі. 

Справу разглядала суддзя абласнога суда Аксёненка, якая цяпер ужо на пенсіі. Жанчына распавяла журналістам, што для яе гэта быў першы апраўдальны прысуд па такім абвінавачанні, як забойства. Прысуд быў разгледжаны ва ўсіх інстанцыях і пакінуты ў сіле. 

У інтэрв'ю газеце "Вечерний Могилев" старшыня Магілёўскага абласнога суда Аляксеў Ткачоў, падводзячы вынікі 2010 года, казаў, што за год было вынесена 27 апраўдальных прысудаў. "Папросту кажучы, у гэтых выпадках чалавек, абвінавачаны ў здзяйсненні, напрыклад, забойства, быў апраўданы за недаказанасцю віны", — тлумачыў ён

Дзяржаўны абвінаваўца на судзе прасіў для падазраванага 21 год зняволення. Абаранялі Юрыя І. два адвакаты, якія і ўгаварылі яго адмовіцца ад паказанняў. 

Вярхоўны суд не задаволіў касацыйную скаргу бацькоў забітай. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі