Што можна перадаваць арыштаваным?

Ежу і сокі перадаваць нельга. За дзень можна перадаць адну перадачу, але без абмежавання па вазе.(+ расклад транспарту ў Жодзіне)

Еўрарадыё пагаварыла з людзьмі, якія патрапілі за краты ў 2006-м годзе. Яны далі свае парады.

Найперш спатрэбяцца цёплыя рэчы ды бялізна. Трусы і шкарпэткі — пажадана новыя.

Даша: “Трэба не забываць розныя дробязі. Дзяўчатам трэба перадаваць цёплыя баваўняныя калготы, цёплыя шкарпэткі”.

Арцём:
“Абавязкова ім патрэбная бялізна — гэта трусы і шкарпэткі. Непрынята перадаваць б/ушныя рэчы, могуць няправільна зразумець… Пажадана купіць новыя шкарпэткі. Гэта проста прынята ў пэўных колах. Паколькі палітычныя зняволеныя будуць там знаходзіцца не адны, ім трэба прытрымлівацца пэўных правілаў і нормаў, якія прынятыя ў падобнага кшталту калектывах”.

Можна паспрабаваць перадаць і спальнік. Калі на ім ёсць шнуроўка, яе трэба зрэзаць.

Даша: “Спальнік — вельмі важна, бо бываюць такія ўмовы, што няма ні ложкаў асобных, ні нараў… І там надзвычай патрэбныя спальнікі. З спальнікаў і рэчаў трэба зразаць шнуроўку: гэта ўсё адно прымусяць зрабіць або не прымуць”.

Але майце на ўвазе, што спальнік могуць не прыняць. Так, у ізалятары часовага ўтрымання ў Жодзіне Еўрарадыё запэўнілі, што спальнік не спатрэбіцца.

ІЧУ Жодзіна: “Навошта вам спальнікі? Вось вы будзеце дома ў спальніку спаць? У нас спальныя прыналежнасці выдаюцца, а памяшканне ацяпляецца”.

Прадметы асабістай гігіены. Абавязкова перадайце зубную пасту і шчотку. Мыла — лепш гаспадарчае.

Арцём: “Ім абавязкова трэба мыцца, таму калі будуць перадаваць, то няхай перадаюць пажадана гаспадарчае мыла, таму што яго яшчэ можна выкарыстоўваць для сціркі – гэта вельмі зручна. Проста кавалачак звычайнага мыла таксама можна перадаць. Зразумела, што неабходныя зубная шчотка і паста. Танная паста і танная шчотка. Ніякіх наваротаў, таму што яна можа камусьці спадабацца…”

Цыгарэты і запалкі. У празрыстым пакеціку, без пачак.

Арцём: “Нават калі чалавек не курыць, яму пажадана мець там цыгарэты, таму што ён зможа імі скарыстацца як валютай — штосьці за іх набыць, абмяняць, у тым ліку нейкія паслугі. Цыгарэты лепш перадаваць без пачак. Проста высыпаць цыгарэты ў пакецік, таму што кожны пачак усё адно прымусяць адчыніць і паглядзець, ці няма там чаго”.

НЕ ПРЫМУЦЬ ежу, сокі, а таксама таблеткі, калі на іх няма рэцэпту.

ІЧУ Жодзіна: “Ежу — нельга. Лекі – толькі па прызначэнні медыцынскага работніка. Калі ёсць картка ці рэцэпт, у якім указаныя гэтыя лекі”.

ВАДА.

Бярыце пабольш вады ў празрыстых вялікіх бутлях. Сваякі затрыманых кажуць, што вада ў СІЗА дрэннай якасці, і яна там вельмі патрэбная.

Паспрабуйце перадаць гарбату.

Арцём: “Абавязкова гарбату. Таму што тое, што там даюць, — гэта не гарбата. Проста чорную гарбату. Зноў-такі упакоўку лепш выкінуць, пакінуць толькі пакецікі”.

Кнігі, сшытак, ручка, канверт з маркамі.

Арцём: “Заўсёды дэфіцыт з канвертамі і маркамі. Сшытак і ручка — гэта дазволена. Толькі каб там не было запісаў… Улічваючы спецыфіку людзей, якія туды цяпер патрапілі, магчыма, ім будуць карысныя кнігі. Але ёсць пералік кнігаў, якія забаронена туды перадаваць, — Крымінальны кодэкс і падобнае ў вас, хутчэй за ўсё, не прымуць. Мастацкую літаратуру — прымуць”.

Але майце на ўвазе, што ў камеры можа быць дрэннае асвятленне.

Даша:
“Кнігі з дробным шрыфтам цяжка чытаць там, дзе цёмна. Трэба, дзе больш буйныя літары”.

Памятайце, што на дзень можна перадаць толькі адну перадачу. Таму каардэнуйцеся з роднымі, каб не атрымалася так, што прыедуць некалькі чалавек у адзін дзень — і перадачу не прымуць. Каардэнуйцеся і рабіце адну вялікую.

Па вазе абмежаванняў няма!

Яшчэ раз нагадваем, што пра лёс асуджаных, якія цяпер знаходзяцца ў Жодзіна, можна даведацца па тэлефоне 8 (01775) 3 34 44.

Да Жодзінскага СІЗА можна даехаць на 7 аўтобусе ад ст. "Жодзіна". Прыкладны расклад аўтобусаў: 13.30, 14.40,14.55,15. 20, 15.55, 16.20, 16. 35. Перадачы прымаюць з 14 гадзінаў да 17. Таксама 7-я маршрутка ідзе да СІЗА. Нумары таксоўцаў: 161, 80177528282, 801775-7-12-00. Некаторыя таксоўкі стаяць на самой станцыі " Жодзіна". Выходзіць трэба менавіта на "Жодзіна", а не на "Жодзіна-Паўднёвае".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі