Школьнік у Мінскай вобласці "хакнуў" перапіску педагога і шантажаваў яго

Школьнік у Мінскай вобласці "хакнуў" перапіску педагога і шантажаваў яго

Ахвярай інтэрнэт-шантажу стаў сацыяльны педагог адной са школаў Мінскай вобласці, паведамляе прэс-служба УУС Мінаблвыканкама

Педагог паведаміў бацькам некалькіх старшакласніц, што іх дочкі паляць. Адзін са школьнікаў вырашыў адпомсціць за аднакласніц, хоць яны яго пра гэта і не прасілі. Падлетак вырашыў узламаць акаўнт настаўніка ў сацсетках і шантажаваць яго публікацыяй асабістай перапіскі, калі педагог публічна не папросіць прабачэння перад усімі "пакрыўджанымі" ім школьнікамі.

Ведаючы, што настаўнік не жанаты, школьнік стварыў фэйкавую старонку ў сацсетках ад імя дзяўчыны. Потым з гэтай старонкі ён "пазнаёміўся" з педагогам. Падчас перапіскі выявілася, што новыя знаёмыя маюць агульныя інтарэсы ў музыцы. "Дзяўчына" пахвалілася, што карыстаецца праграмай-плэерам, якая вельмі якасна грае любую музыку. Праграма нібыта падключаная да вялікага бясплатнага архіву класнай музыкі, з якога лёгка спампоўваць упадабаныя кампазіцыі. 

Гэтую праграму "дзяўчына" прапанавала і новаму знаёмаму. Ён усталяваў праграму на сваім камп'ютары, але заўважыў, што "плэер" не знаходзіць музыку і не грае яе. У адказ фэйкавая "дзяўчына" выказала здагадку, што на камп'ютары педагога няслушныя сеткавыя настройкі і скінула яму "правільныя". Калі ж той памяняў на камп'ютары настройкі, дык школьнік атрымаў доступ да яго старонкі ў сацсетках і скапіяваў усю перапіску ахвяры.

Праз нейкі час "дзяўчына" заявіла, што ён "нядобры чалавек", і прыгразіла абнародаваць для педкалектыву і вучняў школы ўсю яго перапіску ў сацсетках, калі ён публічна не папросіць прабачэння перад школьнікамі. Таксама "дзяўчына" запатрабавала, каб педагог перастаў здаваць школьнікаў, якія правініліся, іх бацькам. 

Настаўнік звярнуўся ў міліцыю. Аператыўнікі аддзела па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій УУС Мінскага аблвыканкама высветлілі асобу зламысніка і задакументавалі яго супрацьпраўныя дзеянні.

На падлетка пачалі крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі, учынены з карыслівай ці іншай асабістай зацікаўленасці. Яму пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі