Scorpions у чарговы раз развіталіся з Мінскам

Кажуць, што мінулы візіт у Мінск гітарыст гурта Матыяс Ябс забыў у гатэлі свае кеды. Магчыма, яны яму былі чымсьці дарагія, і ён за імі вярнуўся. Хаця афіцыйна — "Скарпы" вырашылі паўтарыць развітальнае турнэ па шматлікіх просьбах фанатаў.

Дарэчы, у чэрвені усё той жа Ябс заявіў у інтэрв'ю, што канчаткова завяршаць кар'еру Scorpions не збіраюцца. Таму цалкам магчыма, што праз нейкі час “Still Loving You” зноў прагучыць у Мінску.

Ветэраны Scorpions лёгка сабралі поўную Арэну — квіткоў на танцпол за некалькі дзён да канцэрту ужо не было, вольныя месцы на трыбунах таксама калі і назіраліся, то вельмі няшмат. У першых шэрагах перад сцэнай, як ні дзіўна, стаялі ў асноўным не рокеры з дваццацігадовым стажам, а юныя дзяўчаткі з плакатамі і ружамі (якія на першых песнях паляцелі пад ногі музыкам). Выглядала, быццам на сцэне не дзядзькі, якія гэтым дзяўчатам не тое што ў бацькі — ў дзяды гадзяцца, а які-небудзь Джарэд Лета.

Гук у Мінск-Арэне, як заўсёды, быў не самы лепшы, асабліва на пачатку. Але, здаецца, гэта мала каму перашкаджала, як мінімум на танцполе.

 

Самі Scorpions, здаецца, не старэюць і ўсё такія ж драйвовыя і энергічныя, як і 20 гадоў таму. Рудзі Шэнкер ўсё так жа носіцца па сцэне, даючы фору маладым, Матыяс Ябс па-ранейшаму адзін з лепшых гітарыстаў ў свеце, а ад голаса Клауса Майнэ дзяўчаты ўсё так жа вішчаць ад захаплення.

У другой палове канцэрту Джэймс Котак паказаў, якім павінна быць сапраўднае сола на бубнах і як трэба піць піва.

 

На біс прагучала легендарная “Wind of Change”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі