"Сапраўднае каханне" ад beZ bileta

Люты 2008 года абяцае стацца для гурта beZ bileta не па-зімоваму спякотным. Калектыў рыхтуе шэраг праектаў, аб’яднаных агульнай назвай "Сапраўднае каханне". 12 лютага адбудзецца прэм’ера новага кліпа гурта, а 14 лютага beZ bileta адыграюць святочны клубны канцэрт у Мінску, якому будзе папярэднічаць конкурс на самае небанальнае прызнанне ў каханні.
"Сапраўднае каханне" ў нашым выпадку азначае пачуцці жывых людзей без электронных фільтраў, – тлумачыць лідэр beZ bileta Віталь Артыст. – Кідайце свае камп’ютары, выходзьце на вуліцу, шукайце свой лёс сярод людзей з плоці і крыві! Менавіта да гэтага мы хочам заклікаць калі не ўсё чалавецтва, дык хоць бы нашых прыхільнікаў і блізкіх ім людзей".

Для канцэрта ў Дзень святога Валянціна, які пройдзе ў мінскім клубе "Рэактар", beZ bileta падрыхтавалі спецыяльную праграму, куды ўвайшлі лепшыя песні гурта пра каханне.

Магчымасць заявіць пра свае пачуцці са сцэны падчас канцэрту 14 лютага атрымае пераможца акцыі "Тваё сапраўднае каханне”. Апроч запрашэння ў “Рэактар” на дваіх, пераможца будзе мець адну хвіліну на прызнанне ў каханні ўслых.

Святочны конкурс на самае арыгінальнае віншаванне з Днём усіх закаханых ужо стартаваў.
"Форма віншавання можа быць якой заўгодна: анімацыя, аўдыёфайл, відэа, фота" — кажа Віталь. Свае працы можна дасылаць на адрас [email protected] да 5 лютага ўключна.
7 лютага гурт калегіяльна вызначыць найлепшую, а самыя ўдалыя будуць выкладзены на сайце bezbileta.net.

За два дні да канцэрту адбудзецца прэм’ера відэакліпа "Настоящая любовь (Аватары)". Рэжысёрамі роліка выступілі Матвей Сабураў і Максім Сіры. Аўтар арыгінальнай ідэі відэа – Таня Кушнер. Пра дэталі кліпа яго стваральнікі пакуль маўчаць. Вядома толькі, што сярод ягоных герояў шматлікія Інтэрнэт-карыстальнікі, а спецыяльна для кліпа beZ bileta запісалі новую версію кампазіцыі.

А яшчэ гурт абазначыў сваю прысутнасць на ўкраінскім музычным рынку. Песня "Никогда не умирай" з‘явілася ў ратацыі кіеўскай радыёстанцыі "Джем FM", а кліпы калектыву цяпер можна глядзець у эфіры музычнага канала Еnter.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі