Сачы за Sziget Festival он-лайн!

Як будзе "Беларусь" па-венгерску? Паглядзі і паспрабуй вымавіць!

На сёлетнім Сігеце прадстаўлена 56 краінаў. У гэтым годзе на Аллеі сцягоў нарэшце з'явіўся і беларускі!

Але паспрабуй ты вымавіць, як венгры называюць нашую краіну!


Слухай жывыя ўключэнні з нашым карэспандэнтам Мілай Коткай кожны фестывальны дзень:
з 11.30, з 19.30 і з 21.30, пад акорды хэдлайнераў на галоўнай пляцоўцы!

Фестываль Sziget, які штогод праходзіць у Будапешце – адзін з самых папулярных еўрапейскіх фэстаў сярод беларусаў. Калі яшчэ некалькі год таму на яго ездзілі паасобку, геройствуючы і пасля распавядаючы сябрам на зайздрасць, то апошнія гады два ўсе толькі і гавораць што пра Sziget і як бы на яго трапіць.

Відавочна, Еўрарадыё не магло пракапялюшыць такую значную падзею і адпраўляецца на фэст з дакладнай мэтай: каб тыя вас, хто так і не знайшоў грошаў на паездку ў Будапешт, змаглі ў рэжыме он-лайн сачыць за ўсім, што там адбываецца! Даведка Еўрарадыё:

Фэст: Sziget Festival
Даты: 7—15 жніўня 2007 года.
Месца: Будапешт, Венгрыя.
Хэдлайнеры: Nine Inch Nails, The Chemical Brothers, Tool, Gogol Bordello, Pink, Faithless, The Killers, Manu Chao і іншыя.
Афіцыйны сайт: www.sziget.hu

Упершыню Sziget Festival адчыніў свае брамы ў 1993 годзе. Тады фестываль называўся Dieksziget і быў творчым эксперыментам некалькіх чалавек. З таго часу фэст вырас ў адзін з найбуйнейшых мульці-культурных івэнтаў у Еўропе. Сёлета фестываль адбываецца ўжо ў 15 раз! Да гэтай юбілейнай даты арганізатары падрыхтавалі выключны лайн-ап і пашырылі працягласць фэсту ажно да васьмі дзён.


Дзень “зэро”. 7 жніўня, аўторак. У дзень, калі можна спакойна паставіць намёты і падрыхтавацца да фэсту – на галоўнай пляцоўцы будуць лабаць венгерскія рок-каралі Locomotive GT.

Дзень першы. 8 жніўня, серада – адчыніць пляцоўку Nitzer Ebb, чыё імя з’яўляецца сінонімам электра-індастрыялу. Апошнімі граць будуць этна-панкі з Францыі – суперзоркі Manu Chao.

Дзень другі. 9 жніўня, аўторак пачынаецца гуртом Kaizers Orchestra – яны камбінуюць заходнія і паўночна-заходнія музычныя фолк-традыцыі з рок-музыкай, пасля іх будзе “натхнёны ямайкай” нямецкі Gentelman. А яшчэ пазьней чакаецца найбуйнейшая сёлетняя музычная сенсацыя – праект The Good The Bad and The Queen. Калі хто не ведае – гэты праект ладзіць Damon Albarn – мозг і дырэктар такіх гуртоў як Blur і Gorillaz.
Ну і на закуску фестывальшчыкі змогуць пабачыць братоў-хімікаў з Манчэстэру – The Chemical Brothers.

Дзень трэці. 10 жніўня, пятніца – канец працоўнага тыдня, і час адпачываць пад джыпсі-панк Gogol Bordello, якія літаральна ставяць на вушы ўсю аудыторыю. У мінулым годзе іх выступ быў прызнаным адным з самых яскравых.
Пасля на пляцоўку выйдзе французскі тэхна-бог Laurent Garnier. А калі ўжо вечарына па-сапраўднаму пачнецца, будзе граць Pink, а пасля іх – Madness, рэпутацыя ў якіх – “адныя з лепшых паці-гуртоў за ўсе часы”.

Дзень чацвёрты. 11 жніўня, субота з Лондану прыляціць The Rakes – адзін з лепшых гітарных гуртоў сучаснай Брытаніі. Пасля будуць The Hives са Швецыі, і на закуску – легендарныя Nine Inch Nails.

Дзень пяты. 12 жніўня, нядзеля – няма часу на адпачынак! Babylon Circus распачне дзень з міксу ска-панка-фанка-рэггі-шансона-афрабіту-і-рэггі! Лайн-ап гэтага дня адзначыцца таксама ірландскай поп-рок спявачкай Sinéad O'Connor і гуртом Faithless – якія, можна сказаць, з’яўляюцца заснавальнікамі брытанскага хаўз-попа!

Дзень шосты. 13 жніўня, панядзелак – спачатку гурт з цяжка вымаўляльнай называй !!! з Нью-Йорку. А пасля ўвогуле атас будзе – Tool! У іх што ні выступлнне – то мега-шоу і мега-пасланне.

Дзень сёмы, 14 жніўня, аўторак – апошні дзень фэстывалю. Граць будзе Juliette and the Licks – акторка, якая грала галоўную ролю ў фільме Natural Born Killers. Лабае энэргічны цяжэляк.
Ну і каб скончыць ужо гэтую бясконцую дразнілку – апошні гурт – The Killers. Гэта адзін з самых папулярных і паспяховых гуртоў у свеце. Прымушаюць шалець і танчыць усіх, на кожным канцэрце, у любой кропцы планеты.

Гэта інфа толькі па галоўнай пляцоўцы. А на Сігеце гэтых пляцовак – не адна, і не две, і не тры, а дахалеры. З электроннай музыкай, джазам, хэві-металам, ворлд музыкай, класікай, фільмамі, літаратурнымі дэбатамі, спартовымі гульнямі і гэтак далей, і да бясконцасці...

*Глядзі поўны расклад фэсту на афіцыйным сайце Sziget Festival:
http://www.sziget.hu/festival_english/programs

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі