"Сейчас российское телевидение — трэш, не имеющий отношения к журналистике"

“Сёння расійскае тэлебачанне — трэш, які не мае да журналістыкі дачынення"

Даведка Еўрарадыё: Леанід Канфер нарадзіўся ў Мінску, скончыў журфак БДУ, працаваў спецыяльным карэспандэнтам тэлеканалаў расійскіх НТВ, ТВ-6 і ТВЦ у Мінску. Узнагароджаны прэміяй ТЭФІ у намінацыях “Спецыяльны рэпартаж” і “Спецыяльны рэпарцёр” за фільмы “Як я ездзіў у Чачню” і “Там, дзе была вайна”. Працаваў на “Дзявятым канале” ў Ізраілі, цяпер — незалежны журналіст. Аўтар фільма “Кроўны вораг” пра вайну ва Украіне.

 

Расійскае тэлебачанне дрэйфавала да фармату беларускага і практычна з ім зраўнялася

 

Еўрарадыё: Вы скончылі журфак БДУ і па логіцы павінны былі пачынаць кар’еру на айчынным тэлебачанні, але я вас ведаю выключна па працы на расійскіх каналах…

Леанід Канфер: Я ніколі не працаваў на беларускім тэлебачанні і не збіраўся гэтага рабіць. Таму выбар быў просты: альбо працаваць стрынгерам, альбо, у лепшым выпадку, уласным карэспандэнтам расійскіх кампаній, якія на той момант лічыліся значна больш дэмакратычнымі і прыбытковымі. Ну, а яшчэ я проста адчуў, што ўпёрся ў нейкцю столь тэмаў, якія штогод па коле праходзяць і нічога не змяняецца: выхад апазіцыі па знакавых датах, нешта ў чарговы раз “адмачыў” Лукашэнка, нейкая сацыялка і нейкая вёска. А хацелася нечага большага. Таму прычыны ў мяне былі асабістыя, а не як у выпадку, да прыкладу, з Сашам Ступнікавым, якога Лукашэнка дэпартаваў з Беларусі (Аляксандр Ступнікаў, кіраўнік прадстаўніцтва канала НТВ у Беларусі, у 1997 годзе быў пазбаўлены акрэдытацыі і дэпартаваны з краіны за “сістэматычнае скажэнне інфармацыі пра падзеі ў Беларусі”, — Еўрарадыё).

Еўрарадыё: Мяркую, і сёння шмат хто з нашых тэлевізійшчыкаў марыць трапіць на расійскі канал. Але ці лёгка туды ўладкавацца?

Леанід Канфер: Цяпер няма ніякага сэнсу туды ехаць. У пэўны момант я нават пачаў жартаваць, што ад аднаго Бацькі збег да іншага. Расійскае тэлебачанне дрэйфавала да фармату беларускага і практычна з ім зраўнялася. І цяпер нават лепш працаваць на беларускім ТБ: тут хоць і ёсць прапаганда, але гэта прапаганда ўлады. А ў Расіі не толькі ўнутраная прапаганда, але і інфармацыйная вайна з Украінай. Там з-за гэтага пачаўся проста нейкі трэш, які працягваецца ўжо 2 гады. І да журналістыкі гэта не мае ніякага дачынення ўвогуле! Сёння Масква перастала вабіць тым, што гэта нейкі цэнтр журналістыкі, дзе па прыездзе трапляеш у прафесійны асяродак, які цябе ўздыме, дапаможа вырасці. Не, цяпер наадварот — там навучаць таму, што да журналістыкі не мае ніякага дачынення.

 

Добра, што сяброўства з Кадыравым скончыліся без нейкіх сур’ёзных наступстваў для мяне

 

Еўрарадыё: Прыехаць за прафесійным ростам і грашыма гэта адно, а стаць ваенным карэспандэнтам — зусім іншае. Самі такі выбар зрабілі?

Леанід Канфер: Я не адзін такі: ёсць нашы фатографы — Сяргей Грыц, Вася Фядоценка, з якімі я пастаянна сустракаўся ў нейкіх “гарачых кропках”. Калі я пераехаў у Маскву, ішла другая чачэнская вайна. І ўсе карэспандэнты-хлопцы ездзілі туды па ратацыі. Мала таго, што адмовіцца ехаць было сорамна, хоць такія ў нас і былі, але гэта было яшчэ і цікава. Бо вайна агаляе ўсё. І тыя сітуацыі, той нерв, які здымаеш на вайне, не здымеш ні ў якім іншым месцы. Ну, і гэта проста зацягвае. Хоць і былі выпадкі, калі журналістаў выкрадалі, забівалі…

І, ведаеш, я пастаянна адчуваў зайздрасць да журналістаў “першага прызыву” НТВ, якія працавалі падчас першай чачэнскай вайны. Яны заўжды стараліся паказваць два бакі: здымалі і з боку баявікоў, і з боку федэралаў. І гэта правільна па ўсіх журналісцкіх стандартах, калі ты сябе адчуваеш найперш не грамадзянінам краіны, а журналістам. Калі я цяпер рабіў свой фільм пра Данбас і двух братоў, якія ваююць адзін супраць аднаго, мне неаднаразова казалі: “Ты з Расіі, а паехаў здымаць ва Украіну — як так?” ці “Ты сам з Беларусі, а паехаў здымаць сепаратыстаў — як ты мог?”. Я адчуваю сябе журналістам па жыцці, а потым ужо грамадзянства, адчуванне самога сябе, ментальнасць і гэтак далей. Так я заўжды сябе пазіцыяную падчас працы ў гарачых кропках.

Еўрарадыё: І ў выніку сталі дарадцам у Рамзана Кадырава…

Леанід Канфер: Гэта было сяброўства, якога я не шукаў. Хоць былі калегі, якія такога сяброўства хацелі: ведалі, што Рамзан Кадыраў — чалавек шчодры, і калі чалавек яму падабаецца, то ён можа шмат чаго для яго зрабіць. Гісторыя такая. У 2006 годзе Кадырава прызначылі прэм’ер-міністрам Чачні — па ўзросце ён яшчэ не мог быць прэзідэнтам. А “часовым” прэзідэнтам быў Алу Алханаў. Мар’яна Максімоўская для сваёй праграмы папрасіла мяне зрабіць сюжэт пра Алханава ў фармаце “без гальштука”. І Алханаў быў у маім сюжэце чалавекам: ён у мяне чхаў, спатыкаўся, гуляў са мной у футбол. А ў выніку мы ехалі з ім у машыне і ён заснуў. Аператар зняў мой стэндап, калі я кажу: “Ціха, прэзідэнт спіць” і камера пераходзіць на Алу Алханава. Гэта выйшла ў эфір, і на наступны дзень мне патэлефанаваў Кадыраў. Размова пачалася з яго слоў: “Леанід, а хто вам даў права здзекавацца з нашага прэзідэнта?”. Але гэта быў жарт: Кадыраў успрыняў фільм так, нібыта мы хацелі паказаць Алханава, як чалавека, які не спраўляецца са сваімі абавязкамі. Так узнікла сяброўства, і за адну фразу “Прэзідэнт спіць” Кадыраў мне шмат што прабачаў. Бо ў тыя часы я быў “няспелым” журналістам і лічыў, што сур’ёзныя думкі лепш падмяняць іроніяй. Але пазней ўзніклі сітуацыі больш сур’ёзныя, чым іронія ў маіх сюжэтах, і адносіны нашы скончыліся. Добра, што яны скончыліся без нейкіх сур’ёзных наступстваў для мяне. Гэта я расказаў перадгісторыю таго, як стаў дарадцам у Кадырава. Праўда, гэта была толькі назва — на самой справе, я займаўся навучаннем яго журналістаў. Я спрабаваў калі і не зрабіць з тэлебачання Чачні “Тыдзень з Максімоўскай”, але хаця б упісаць яго ў нейкія дужкі і правілы. Але ў выніку ў мяне нічога не атрымалася. Для іх там пастаянная прысутнасць прэзідэнта на экране важнейшая за усе фарматы. На гэтым мая праца і скончылася. Але я на ўласным вопыце ўпэўніўся: нельга журналісту дазваляць сваім героям пераходзіць у адносінах нейкую мяжу. Бо тады імгненна страчваецца твая незалежнасць і тваё права казаць пра гэтага чалавека пэўныя рэчы, якія рэальна існуюць. У мяне гэтая мяжа была пяройдзеная, і я для сябе вырашыў, што не каментую нічога з таго, што адбываецца ў Чачні.

Еўрарадыё: І пытацца ў вас пра магчымую ролю Кадырава ў смерці Нямцова, што яму прыпісваюць, бессэнсоўна?

Леанід Канфер: Так, я не буду гэта каментаваць, бо мяне нельга назваць чалавекам цалкам бесстароннім.

 

“Рускі мір” — гэта як ідэя “нашых б’юць!” І гэтая ідэя працуе на Данбасе

 

Еўрарадыё: Ці можна параўноўваць тое, што адбывалася ў Чачні, з тым, што сёння адбываецца ва Украіне?

Леанід Канфер: Цалкам да месца такое параўнанне. Год таму я здымаў наёмніка, 21-гадовага хлопца. Патрапіў з ім у адным акопе пад Славянасербскам пад артылерыйскі абстрэл. Гэта быў яго самы першы бой і я здымаў у гэты час з ім інтэрв’ю. Потым мне сказалі, што ён у тым баі загінуў. Апынулася — няпраўда. Ён выжыў і з’ехаў дамоў, у Расію. Я знайшоў яго ў Чарапаўцы. Пытаюся: “Андрэй, у 90-х гадаў Расія ваявала ў Чачні — за што яна ваявала?” — “За тэрытарыяльную цэласнасць, каб краіна не развалілася”. — “А цяпер Украіна ваюе за сваю тэрытарыяльную цэласнасць, бо і сама яна, і ўвесь свет, і нават Расія лічаць, што гэта яе тэрыторыя, чаму Расіі можна было ў Чачні, а Украіне на Данбасе нельга?”. У яго не было адказу на гэтае пытанне. Але гэта праўда, гэта цалкам адпаведнае параўнанне. У Чачні загінулі дзясяткі тысяч мірных жыхароў, Грозны, калі я яго ўбачыў, нагадаў мне Сталінград. Таму, калі Расія кажа, што ўкраінцы не павінны адваёўваць свой Данбас, узнікае пытанне: “А вы што рабілі ў Чачні?”.

Еўрарадыё: Чаму ж расіяне едуць ваяваць на Данбас?

Леанід Канфер: Розныя людзі. Гэты Андрэй “Чэрап” спрабаваў мне паўтарыць тое, што кажуць па тэлевізары. Але на складаныя пытанні, як у выпадку з Чачнёй, ён нічога не мог сказаць, бо адказаў на такія пытанні ў тэлевізары не давалі. І думаю, што такіх падманутых прапагандай людзей, там шмат. Але былі людзі, якія за “рускі мір” — “тут рускіх б’юць!” Яны былі на перадавой “змагання з амерыканскім імперыялізмам”. Але былі і тыя, хто разумеў, што вайна, гэта тое месца, дзе можна “аджаць”, шмат там нейкіх напаўкрымінальных і крымінальных элементаў. Ёсць і людзі прафесійныя, якія нібыта добраахвотнікі, але бачна, што ў іх прафесійны армейскі погляд на рэчы.

Еўрарадыё: Вы зразумелі, што гэта за такі “рускі мір”, пра які так шмат гавораць?

Леанід Канфер: “Рускі мір”, як я разумею, гэта гатоўнасць ісці ваяваць за нейкія свае каштоўнасці. Праўда, ніхто не ведае, што гэта за каштоўнасці. “Рускі мір” — гэта як ідэя “нашых б’юць!” І гэта ідэя працуе на Данбасе. Усе СМІ працавалі на гэтую ідэю: украінскія фашысты-бандэраўцы не даюць рускім Данбаса гаварыць па-руску і сябраваць з Расіяй. Ідэя зразумелая, і таму многа хто туды паехаў. Але тут ўзнікае пытанне: ёсць жа рускія ва Узбекістане, Туркменіі, дзе ужо 25 гадоў пасля развалу СССР, іх проста знішчаюць. І Расія іх не абараняе. Бо ёсць туркменскі газ. Ва Украіне ж разыгрываецца “руская карта”, бо Расія не хоча, каб Украіна сыходзіла з-пад яе ўплыву ў Еўропу. А мы ж кажам, што павінны быць два цэнтры сілы, што мы роўныя амерыканцам! А тут нейкая Украіна ад нас сыходзіць і мы нічога не можам зрабіць. Вось і ўвесь “рускі мір”! З голай задніцай, але — рваць на сабе “цельнік” і крычаць “Мы круцей за ўсіх!”.

Еўрарадыё: Ваш фільм пра двух братоў быў паказаны і ў Расіі, і ва Украіне?

Леанід Канфер: Так, прычым, у адзін дзень. Праўда, былі дзве версіі фільма: для Украіны і для Расіі. Але галоўнае засталося ў абедзвюх версіях: збалансавана паказаны канфлікт з двух бакоў і мы даём абодвум героям выказацца на тэму, чаму яны ваююць.

"Украінская" версія фільма Леаніда Канфера "Кроўны вораг"

Нават Лукашэнка стане нацыяналістам, калі звонку ўбачыць пагрозу сваёй уладзе

 

Еўрарадыё: У нас расійскія каналы больш папулярныя за айчынныя, не можа так стацца, што расійская прапаганда і на нашым грамадстве негатыўна адаб’ецца?

Леанід Канфер: Мне падаецца, што гэта засілле расійскіх каналаў — добра для беларускай улады. Чаму? Па расійскім тэлебачанні вельмі добра і падрабязна паказваюць вайну ў суседняй краіне. Беларусы глядзяць і параўноўваюць з тым, як яны жывуць: у іх няма вайны. Гэта спачатку над словамі Лукашэнкі “Скажыце дзякуй, што ў нас тут мір” смяяліся, а цяпер, калі побач рэальная вайна, а дома — мір, людзі кажуць: “А праўда”… Гэта вельмі важны момант для умацавання ўлады. Бо калі б гэта было нявыгадна ўладзе, то гэта б не паказвалі. Але ж паказваюць і кажуць: “Вы бачыце, што адбываецца ва Украіне? А ў Расіі? Там увогуле труба! А ў нас тут востраў стабільнасці!”. Прадуманая пазіцыя: чым больш людзі глядзяць расійскае тэлебачанне, тым больш трымаюцца за гэтую ўладу — “каб толькі не было вайны!”.

З іншага боку, раней я ў Беларусі бываў эпізадычна і не паглыбляўся ў тое, што тут адбываецца. Але ў апошні прыезд мы пагулялі па Мінску, і мне кінуліся ў вочы некалькі фактаў. А адным з кафэ валанцёры выкладаюць беларускую мову і туды прыходзіць вельмі шмат людзей: не толькі хіпстары ды студэнты, але і людзі ва ўзросце, якім да пенсіі некалькі гадоў. І гэтаму ніхто не перашкаджае. А раней было так: усе, хто гаворыць па-беларуску — апазіцыянеры і патэнцыйная пагроза ўладзе. Думаю, сёння лада адчувае большую пагрозу з боку Расіі, чым з боку апазіцыі. Вядома, што гэта кан’юнктура, і сёння за нацыянальна арыентаваную пазіцыю ўлада можа нават пахваліць. Нават Лукашэнка стане нацыяналістам, калі звонку ўбачыць пагрозу сваёй уладзе.

Еўрарадыё: Ваш допіс у Фэйсбуку, дзе вы параўналі Мінск з іншымі еўрапейскімі гарадамі, меў шмат праглядаў…

Леанід Канфер: Я сам гэтаму здзівіўся. Але хачу ўдакладніць: я, вядома, не меў на ўвазе, што Беларусь стала Еўропай. Проста я ўбачыў такіх людзей, якіх тут не бачыў раней, і якія з’явіліся тут не дзякуючы, а насуперак. Людзі гэтыя па сваёй ментальнасці і сутнасці — еўрапейцы. Асабліва гэта заўважна, калі доўга пражывеш у Расіі і прыедзеш сюды. Там у цябе пастаянна перад вачыма майкі з Пуціным, а тут ты бачыш людзей, якія цікавяцца зусім іншымі рэчамі ў жыцці. Яны не хочуць ні з кім ваяваць, ні за якія ідэі — у іх еўрапейскія каштоўнасці пераважаюць. Гэта той трэнд, які і без Майдана дазволіць Беларусі дрэйфаваць у бок Еўропы. Калі такіх людзей паступова будзе станавіцца ўсё больш. І гэта не будзе залежаць ад жадання ці нежадання ўлады. Калі людзей з еўрапейскай ментальнасцю стане так шмат, то ніякая Ярмошына не зможа намаляваць ніякія вынікі — яны проста не дазволяць працягвацца таму, што цяпер маем. Я пісаў пра гэта. Мне падавалася, што тут ўсё задушана нейкімі “бээрсээмамі”, саўком, але не — з’явілася гэтая вось праслойка.

Еўрарадыё: За сёлетняй прэзідэнцкай кампаніяй сачылі?

Леанід Канфер: Ніякіх сюрпрызаў я не чакаў ад гэтых выбараў і дакладна ведаў, што ніхто на вуліцы не выйдзе — мінулы раз “надавалі па шапцы” так, што мамка не гаруй, але ўсё адно гэта ні да чаго не прывяло. Але ёсць нейкая псіхалагічная стомленасць у людзей, яны проста хочуць нечага іншага. Не тое, каб яны стаміліся канкрэтна ад Лукашэнкі, ці яны бачаць нейкую альтэрнатыву, альбо заражаныя нейкай еўрапейскай ідэяй — нічога таго, што ёсць ва Украіне, тут няма. Проста: “Ну, дайце хоць нечага іншага паспрабаваць, жыццё ж праходзіць, надакучыла адно і тое ж ледзь не чвэрць стагоддзя!”. І гэта настроі не толькі інтэлігенцыі, але і звычайных людзей. Плюс — пагаршэнне эканамічнай сітуацыі. Вядома, што гэта адбываецца з-за пагаршэння сітуацыі ў Расіі. А ў такім выпадку пра які суверэнітэт можна казаць, калі эканоміка тваёй краіны цалкам залежная ад краіны іншай?

Але цяпер пра іншае: у казіно і ў палітыцы заўжды трэба своечасова спыняцца і сыходзіць. Пуцін гэтую мяжу перайшоў — яму трэба было больш у прэзідэнты не ісці, і ён бы застаўся ў памяці як чалавек, пры якім было добра. І ніхто б не задумваўся, што гэта не Пуцін зрабіў добра, проста сусветныя цэны на нафту былі добрымі. У Лукашэнкі тое ж самае — гэта будзе яго самы складаны тэрмін. Бо зараз будзе вельмі цяжкое становішча ў Расіі, а адпаведна, і ў Беларусі. Як з гэтага выходзіць? Ніхто ж не хоча ніякіх структурных рэформ. Лавіраваў Лукашэнка 20 гадоў паміж Захадам і Расіяй і ён думае, што атрымаецца гэта і цяпер. Як не атрымаецца ў Пуціна перасядзець і дачакацца добрых коштаў на нафту. Не будзе гэтага. І я нават рады, што зноў пераабраўся Лукашэнка. Бо калі б выбралі іншага, тую ж Караткевіч, то справіцца з тым валам праблем, якія цяпер навальваюцца на Беларусь і Расію, нерэальна. Ну, вось хай і расхлёбвае вынікі свайго 20-гадовага праўлення сам. Можна было знайсці “стрэлачніка”, але абодва яны вырашылі гэтага не рабіць. Можна было спакойна сысці — вырашылі не сыходзіць. Добра. Уласна кажучы, заўжды мусіць прыйсці момант, калі за ўсё трэба плаціць і адказваць.

Еўрарадыё: Пры якіх умовах вы вярнуліся б працаваць на радзіму?

Леанід Канфер: Я — журналіст. І нават цяпер, калі ў Расіі татальная прапаганда і ніхто гэтага не хавае, я спрабую даказаць, што магу застацца журналістам. Нават на дзяржаўным канале “Расія 24” я раблю тое, што адрозніваецца ад таго, што робяць усе астатнія. Я не крытыкую калег — кожны робіць свой выбар і кожны ведае, за што яму сорамна, а за што не. Мне не павінна быць сорамна за тое, што я раблю ў эфіры. І калі ў Беларусі мне будзе дазволена заставацца верным прынцыпам журналістыкі, не абслугоўваць нечыя інтарэсы, то ўсё можна абмяркоўваць. Пры гэтым я ўсё адно хацеў бы захаваць за сабой статус незалежнага чалавека, які ў любы момант можа сказаць: “Выбачайце, хлопцы, гэта мы іграем, а гэта не”. Я вельмі асцерагаюся, што мне пачнуць нешта дыктаваць. А я гэтага моцна не люблю.

Фота Змітра Лукашука

Последние новости

Главное

Выбор редакции