"Рок па вакацыях" збірае каралёў

23-га кастрычніка ў мінскім клубе “Рэактар” адбудзецца традыцыйны паслявакацыйны музычны фэст “Рок па вакацыях”. “Каралі тут” з удзелам лепшых гуртоў Беларусі. Першапачаткова, імпрэза была запланавана на 2-га верасня, аднак, па розных прычынах, яна была перанесена на канец кастрычніка. Павел Кашырын, арганізатар мерапрыемства, кажа, што менавіта гэтая дата апынулася зручнай для ўсіх музыкаў:

Павел Кашырын: "Па ўсялякіх розных прычынах мы перанеслі гэтую дату. Чаму на 23-е? Таму што ва ўсіх гуртоў атрымалася сабрацца менавіта 23-га".

Сёлетні “Рок па вакацыях” збярэ найбольш папулярныя каманды Беларусі: “Ляпіс Трубяцкой”, “Без Білета”, “Краму”, “Нейра Дзюбель” выступяць на сцэне “Рэактара”. Цікава, што кожны з гэтых гуртоў лёгка напоўніць залу клуба толькі сваімі прыхільнікамі.

Арганізатары не звяртаюць увагі на гэтую акалічнасць і лічаць “Рэактар” найбольш падыходзячай пляцоўкай для фэста:

Павел Кашырын: “Калі ідзе размова пра рок, я не думаю, што трэба выбіраць у дадзеным выпадку КЗ і ўсялякія ДК. Я ж кажу, што папярэдне была дамова, што ён, як калісьці, пачнецца на адкрытай пляцоўцы ў парку Чалюскінцаў. Але мы сутыкнуліся з такімі момантамі, якія проста непрымальныя для нас і вырашылі, што "Рэактар" будзе адпавядаць духу рока нашага беларускага. Таму і "Рэактар". Вось толькі па гэтай прычыне і больш ні па якой”.

Весці “Рок па вакацыях” сёлета будуць Макс Івашын і Іна Кашырына. Білеты на імпрэзу яшчэ можна набыць у канцэртных касах горада.

Фота: music.fromby.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі