«Рок-кола» пераяжджае ў Лагойск

Сёлета фестываль «Рок-кола» адбудзецца ў Лагойску, але пакуль яшчэ інфармацыя недакладная. Кіраўнік фэсту Сяргей Анішчанка расказаў, што такую прапанову ён атрымаў ад Сяргея Ждановіча, дырэктара прадзюсарскага цэнтру Nonstop Records. Але ці будзе праводзіцца фестываль у Лагойску, стане вядома толькі пасля 7-га ліпеня.

Калі гэты варыянт не атрымаецца, то больш ідэй і месцаў для «Рок-кола» пакуль няма. Сяргей дадаў, што сёлетні фестываль будзе без новаўвядзенняў, але з музыкамі, якіх ужо ведаюць.

Сяргей Анішчанка: "Новаўвядзенняў ніякіх, хай музыкі граюць што ў іх на душы і на сэрцы. Але я скажу, што больш падаюць заяўкі і Талін, і Латвія, і ўжо сёння знакамітыя гурты, не такія маладыя, як раней".

Нагадаем, што апошні, сямнаццаты па ліку, фестываль "Рок-Кола" прайшоў у Полацку 26 - 27 кастрычніка 2007 года. Праз тры дні пасля яго заканчэння, 30 кастрычніка, Савет па каардынацыі дзейнасці праваахоўных органаў пры Полацкам гарвыканкаме вырашыў спыніць дзейнасць гэтага музычнага форуму.

У пратаколе пасяджэння савета адзначалася: "Лічыць немэтазгодным правядзенне ў горадзе мерапрыемстваў кшталту фестываля "Рок-Кола", адчужаных гістарычнай, духоўнай спадчыне горада Полацка і праваслаўю. Рэкамендаваць асобам, якія адказваюць за духоўнае выхаванне моладзі, устрымацца ад ініцыявання падобных мерапрыемстваў".

Правядзенне сёлетняга «Рок-кола» запланаванае на 29-30 жніўня.

Афіша з афіцыйнага сайту «Рок-кола»