RockerJoker – Продается планета

Я наўмысна іду на гэты крок, бо, хопіць… Адразу папярэджваю, што буду жорсткім у ацэнках да ўсіх, хто не згодны :). А зараз раскрыю карты: адзін з найбольш моцных беларускіх гуртоў па сваім агульным пафігізме да наваколля выдаў сур’ёзны, лірычны і адначасова вясёлы ды хуліганскі альбом. Гэта гурт RockerJoker і альбом “Продается планета”. Абавязкова зараз некаторыя скажуць: “пра гэтых лізаблюдаў!? Такога не можа быць!” Ці як там было ў далёкай рэкламе: “Гэта ж не вы, навошта вам гэта!?”. Няхай! Справа ваша, як ставіцца да музыкаў, дакладней да асобаў у ролі музыкаў, але мяшаць творчасць і палітыку ўжо даўно не модна і нават банальна. Адразу адзначу, што ніякіх дрэнных словаў пра гэты дыск, і тым больш пра гурт, сёння вы не пачуеце!

Кружэлка пачынаецца з песні пад назвай 2012. У ёй ёсць кавалачак, які з'яўляецца адзіным узгадваннем на альбоме нашумелай і так па-рознаму ўспрынятай песні “Саня”. Але нават у гэтым кавалку “інтэрнэт-крыкуны” наўрад ці заўважаць жывы, шчыры, а галоўнае, – разумны сарказм. На жаль, пачуццё гумару ў нашыя дні не самая распаўсюджаная справа, а шкада! Між іншым навукоўцы сцвярджаюць, што менавіта яно выратоўвае нас ад розных жыццёвых крызісаў. А яшчэ, што ўменне смяяцца над сабой часта паказвае ўзровеь інтэлекту чалавека.

Увогуле, дыск “Продается планета”, як і ўся творчасць “Джокераў”, напоўнены сарказмам, іроніяй ды іншымі адгалінаваннямі гумару. Можаце мяне абвінавачваць у недалёкасці, ці недастатковай адукаванасці, як пажадаеце, але не гледзячы на пастаянную прысутнасць ўсмешкі падчас праслухоўвання, кожны трэк для мяне падкінуў хоць бы адну зачэпку для сур’ёзных жыццёвых разважанняў.

Заўсёды падабаліся хлопцы за іх уменне і, галоўнае, смеласць секчы ад пляча. Што думаюць, то і кажуць, без хлусні, без крывадушнасці, без думак “як бы не пакрыўдзіць”. А галоўнае, што існуюць толькі два варыянты іх разумення: зразумеў ці не. І вось тут пачынаюцца канфлікты, вось адсюль і вырастаюць абвінавачанні ў “прадажнасці” і ўсмешкі з нагоды гэтых абвінавачанняў. Але мне абсалютна ўсё роўна, на чыім вы баку, больш цікава “ці гатовыя вы прамяняць душу на пад..бос?”.

Асобную ўвагу варта прыцягнуць да запісу, да аранжыровак ды дадатковых гітар, скрыпкі, духавых… Раней я быў перакананы, што RockerJoker – гурт канцэртны, іх запісы не ўспрымаюцца так яскрава, як жывыя выступы. Дык вось, не! Памыляўся і вельмі моцна! З майго плэеру гэты дыск знікне яшчэ не хутка. Што ж тычыцца дадатковых інструментаў, то, дзякуючы ім, аранжыроўкі сталі менш агрэсіўнымі, а часам, – нават міленькімі. Гэта пры тым, што агульная стылістыка ды ўражанне ад гурта ніяк не змянілася. Да прыкладу, песня “Про любовь”, на пачатку якой чуваць спевы птушак, а мелодыка дастаткова нечакана нагадвае савецкія пасляваенныя хіты, усё роўна засталася “Джокераўскай”, песня пра каханне “па-джокераўску”.

Не абышлося на дыску “Продается планета” і без “праезду” па аматарах “рэгі”, якіх даволі часта падсцёбвае Міхей у звычайных, закулісных размовах. Нават не ведаю, як гэта яшчэ можна апісаць! Тут ці пераказваць тэкст і манеру яго падачы, ці слухаць. Абіраю другі варыянт.

Ну і асабліва рад з’яўленню на альбоме напэўна маёй улюбёнай песні RockerJoker “Звёзды”, якую я ўпершыню пачуў на канцэрце гады тры таму. Пасля гэтага мне даводзілася чуць яе ў розных абставінах, у розных памяшканнях ды абсалютна ў розным стане. І не было выпадку, каб мне падалося, што хоць адно слова яе тэксту не адлюстроўвае жыцця большасці сучасных людзей. Не, не жыцця, а хутчэй іх бачання ўласнага жыцця і жыцця іх атачэння.

Карацей, "..ідзіце вы, зоркі…!!!" Няма чаго распавядаць, слухаць трэба, слухаць і рабіць уласныя вынікі. Нагадваю, мы размаўлялі пра альбом “Продается планета” гурта RockerJoker, які, варта адзначыць, элементарна качаецца ў інтэрнэце.