Заробкі будаўнікоў супадаюць са статыстыкай Белстату

Сярэдні заробак у Беларусі ў чэрвені склаў 1 мільён 782 тысячы рублёў. І павялічыўся ў параўнанні з траўнем адразу на 134 тысячы. Еўрарадыё пагутарыла пра чэрвеньскія заробкі з выкладчыкам ВНУ і лагапедам у дзіцячым садку. Паводле інфармацыі Белстату, прафесары і выкладчыкі ў чэрвені атрымлівалі ў сярэднім амаль 3 мільёны рублёў.

А вось выкладчык ВНУ, з якім пагаварыла Еўрарадыё, зарабляе ажно ў чатыры разы менш!
Выкладчык адной са сталічных ВНУ Канстанцін распавядае, што зарабляе ўсяго 700 тысяч за месяц. Даведаўшыся, што сярэдні заробак нават школьных настаўнікаў ажно 1 мільён 572 тысячы, Канстанцін здзіўляецца.


Канстанцін: "Ого, дык у мяне ў два разы меней… Але мне і такіх бы не хапіла. 1,5 мільёна — гэта, канешне, у два разы лепей, але ўсё адно мала. Людзі, у якіх гэта адзіная крыніца прыбытку, проста вартыя жалю. Калі б не дадатковыя крыніцы даходу, то гэты адзіны заробак у ВНУ… Не ведаю, чым бы гэта ўсё скончылася…"


Пра тое, што заробак выкладчыкаў ВНУ ужо дасягае 2,9 мільёна, Еўрарадыё свайму субяседніку нават не стала гаварыць.


Лагапед у дзіцячым садку, з якім пагутарыла Еўрарадыё, зарабляе на 100 тысяч больш за выкладчыка ВНУ Канстанціна. Але, паводле словаў дзяўчыны, ёй гэтага таксама не хапае.


Наталля (лагапед): “Заробак у мяне 800 тысяч. З пачаткам крызісу нам абяцалі падняць заробак, але я гэтага, відаць, не адчула... Калі б не бацькі, то мне б было вельмі цяжка існаваць… За такі заробак чалавеку, які здымае ў Мінску кватэру, пражыць немагчыма”.


Еўрарадыё: Ці ведаеце, які сярэдні заробак у сферы адукацыі цяпер?


Наталля: Я думаю, пад мільён?


Еўрарадыё: 1 мільён 400. Нават трошку больш.


Наталля: Праўда? У параўнанні з маім — гэта, канешне, больш, але ўсё адно маленькі… Магчыма, такі заробак атрымліваюць загадчыкі або педагогі з вялікім досведам працы… Але я ўсё адно думаю, што ў сярэднім людзі атрымоўваюць менш.


Сярэдні заробак урача за чэрвень склаў 2 мільёны 494 тысячы рублёў. Згодна з дадзенымі Белстата, нават сярэдні медыцынскі персанал атрымлівае 1 мільён 435 тысячы рублёў заробку. Еўрарадыё пагаварыла з урачом, стаж працы якога большы за 30 гадоў. Ён атрымлівае 2 мільёны 900 тысяч. Але ў сярэдні заробак медыкаў (1,5 мільёна) ўсё адно не верыць…


Доктар: “У мяне стаж працы ўжо 30 гадоў, і працую я на паўтары стаўкі. А калі ва ўрача няма катэгорыі і стажу працы, яго 1,5 стаўкі каля маіх — там будуць зусім іншыя лічбы. За чэрвень я атрымаў 2 мільёны 900 тысяч. Але думаю, што сярэдні медработнік 1,5 мільёны не атрымоўвае”.


Будаўнікі заўсёды ў топе самых высокіх заробкаў у Беларусі. З сярэднім заробкам 2 мільёны 105 тысяч будаўнікі на трэцім месцы сярод усіх галінаў (пасля фінансавай дзейнасці і аперацый з нерухомасцю). Хаця за чэрвень тут заробак узрос ажно на 130 тысяч.


На сайце самага буйнога забудоўшчыка масавага жылля ў Беларусі МАПІД шмат вакансіяў. Пра заробкі Еўрарадыё расказалі ў аддзеле кадраў:


“Машыніст крана — 1 мільён 900 тысячаў — 2  мільёны, слесар-рамонтнік прыкладна ад 1 мільёна да 1 мільёна 500 тысячаў, электраманцёр — 2 мільёны, фармаўшчык — 1 мільён 900 - 2 мільёны...”


А вось паводле статыстыкі сярэдні заробак у сферы будоўлі — 2 мільёны 105 тысяч…


МАПІД: “Такі і будзе, прыкладна. У нас “здзелка”, таму ў розных цэхах па-рознаму будзе: у адным 100 тысяч у дзень атрымоўваецца, у другім — 80… А дзе бывае і меней, калі план не выканаецца”.


Па словах супрацоўніцы МАПІДу, раней вельмі шмат людзей уладкоўваліся на працу, а цяпер чамусьці пачалі звальняцца…


“Раней нават чарга была, але цяпер яны чамусьці сталі звальняцца… Цяпер Масква, кажуць, прымае беларусаў — вось і звальняюцца. І машыністы кранаў звальняюцца… Нам вельмі патрэбныя таксама арматуршчыкі, зваршчыкі…”


Паводле інфармацыі Белстата больш сталі зарабляць і на сяле. У сельскай гаспадарцы сярэдні заробак за апошні месяц склаў 1 мільён 200 тысяч. На 200 тысяч меншы сярэдні заробак у СПК “Атраднае Агра” — 1 мільён 11 тысяч. Але гэта больш за травень (842 тысячы). І значна большы за сакавік.


"Атраднае Агра": "У нас заробкі падымаліся. У лютым сярэдні быў 638 тысяч, а ў сакавіку стаў 668 тысяч".


Праўда, у пералік на долары “рост заробкаў” выглядае зусім па-іншаму.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі