Якое марозіва любіць Бенедыкт XVI?

130228_eurafokus.mp3


28 лютага Бенедыкт XVI назаўжды пакідае Ватыкан. У апошні дзень свайго пантыфікату Папа праводзіць сустрэчу з кардыналамі, развітваецца са сваім домам і на верталёце ляціць на паўднёвы ўсход, у горад Кастэль-Гандольфа, прыкладна ў 30 кіламетрах ад Рыма.


Там, з цэнтральнага балкона Апостальскага палаца Бенедыкт XVI звернецца з кароткім прывітаннем да католікаў епархіі Альбана. Гэта будзе яго апошняе з’яўленне на публіцы ў якасці Папы Рымскага.

 
“Роўна а 20-й час праўлення 265-га Папы, 264-га пераемніка Святога Пятра, прыйдзе да заканчэння. На высокай пасадзе яму было адведзена 7 гадоў, 10 месяцаў і 9 дзён", — распавядае пра тое, што будзе далей, “Радыё Ватыкана”.


Кастэль-Гандольфа — ціхае мястэчка, тут жыве ўсяго 8 тысяч чалавек. Летняя рэзідэнцыя пантыфікаў — цэнтральны аб’ект горада. Яшчэ адна славутасць — крама з марозівам хатняй вытворчасці “Gelateria Carosi”, у якой бывалі і Бенедыкт XVI і яго папярэднік Ян Павел ІІ.


“Бенедыкт XVI замаўляў у нас марозіва для некаторых сваіх наведвальнікаў, — распавядае Стэфана Верузі з “Gelateria Carosi” А ён асабіста любіў гатунак “Fior de Latte” [нешта накшталт нашага пламбіра. — Еўрарадыё] і ванільнае марозіва”.


Бенедыкт XVI, якога з 28 лютага больш слушна зноў называць Ёзэфам Ратцынгерам, прабудзе ў летняй рэзідэнцыі да сярэдзіны красавіка. А пасля… Вернецца ў Ватыкан! Былы Папа зойме 4-павярховы жаночы манастыр, у якім цяпер ідзе рамонт.


Што праўда, калі пачаўся рамонт, манашкі пакінулі будынак. Манастыр “Mater Ecclesiae” збудаваны ў 1990-я на месцы адміністрацыйнага будынку паліцыі Ватыкана. Звонку ён выглядае вельмі проста. Кажуць, унутры ён такі ж: на 3 і 4 паверхах — 12 келляў. Унізе — кухня, трапезная і прыёмная. Манастыр акружаны садам з лімоннымі дрэвамі. Пры ім ёсць нават агарод, дзе вырошчваюць экалагічна чыстую гародніну.


У гэтым месцы Ёзэф Ратцынгер збіраецца прысвяціць сябе малітвам і кнігам.


“Я ўдзячны за разуменне, падтрымку і малітвы. Не толькі тут, у Рыме, а па ўсім свеце — сказаў Бенедыкт XVI. — Я застаюся з царквою, і прашу кожнага з вас маліцца за мяне і за новага Папу”.

Відэа: Rome Reports.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі