V. значыць Vinsent

"Менск, дайце шуму!" — крычаў са сцэны Vinsent, і ў адказ заля гула: "Жыве Беларусь!" — як і амаль год таму, 11 траўня 2010-га, тут жа, у клубе "Рэактар". Але з таго часу няўлоўна змянілася літаральна ўсё. Гледачы сталі цішэй, і бела-чырвона-белыя сцягі больш не лунаюць над танцполам. Паветра наэлектрызавалася прыхаваным пратэстам і бояззю, што яго нехта заўважыць. Музыка Vinsent'а "ажыла" і пацяжэла. А сам Vinsent відавочна пасталеў: яго больш не цікавіць тусоўка і танныя панты. І словы "галоўны беларускамоўны рэпер краіны" больш нічога не значаць.

Летась Еўрарадыё пісала пра той незвычайны канцэрт, калі на сцэну выйшлі адразу некалькі яркіх рэпераў з усёй Беларусі: Вожык прыехаў з Сянно, PАNaNieba — з Вілейкі, Lunclan — з Лунінца. 29 красавіка іх, па-шчырасці, не хапала. Хаця першае аддзяленне сёлетняй рэп-імпрэзы і па змесце, і па атмасферы вельмі нагадвала летаншюю дзею.

За год Vinsent цалкам пазбавіўся падлеткавага пафасу, уласціавага шматлікім выканаўцам "рыфмаваных чытанак". Выкананне ў яго часам атрымліваліся вельмі цёплае, амаль хатняе, з доўгімі размовамі да і пасля песень. Лірыка чаргавалася з хардкорам: уласныя кампазіцыі і кавер на Rage Against the Machine чыста, але без рызынкі выканалі "жывыя" гітарыст, басіст і бубнач. У хардкоры Vinsent пакуль што выглядае няўпэўнена як школьная пародыя на гурт "Куклы", што ірваў беларускія танцполы на пачатку XXI стагоддзя.

Адна з такіх цяжкіх песень Vinsent'а прысвечаная падзеям 19 снежня 2010 года. Другая, якой папярэднічала хвіліна маўчання, была выкананая ў памяць аб ахвярах тэракта ў мінскім метро. Гэтыя актуальныя песні з добрымі вершамі патрэбныя беларускай моладзі, як паветра. Але і тут у нашай музыцы ёсць узровень, якога Vinsent'у толькі належыць дасягнуць і пераўзысці: гэта "Крывавае свята" Аляксандра Памідорава.

Прапануем вам фотарэпартаж Еўрарадыё з сольнага канцэрта Vinsent'а, што адбыўся ў Мінску 29 красавіка.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Фота: Gluctim.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі