Сямашка: "Саманды" прадаюцца пад маім націскам
Беларусь ужо не задавальняе супрацоўніцтва з іранскімі інвестарамі па вытворчасці аўтамабіляў маркі "Саманд".
Як заявіў сёння ў Палаце прадстаўнікоў першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка, за пяць гадоў працы выпусцілі толькі тысячу аўтамабіляў. "Пад маім націскам яны былі набытыя МУС і іншымі ведамствамі", — адзначыў ён. На яго думку, аўтамабілі не знаходзяць збыту ў сувязі з тым, што і "цана высокая, і састарэлыя мадэлі".
Сямашка нагадаў, што з іранскімі інвестарамі абмяркоўвалася пытанне вытворчасці сучасных мадэляў, а таксама будаўніцтва цэхаў афарбоўкі і зваркі. "Месяц таму быў сход акцыянераў, але яны ні аб чым не дамовіліся", — падкрэсліў першы віцэ-прэм'ер.
У той жа час ідуць перамовы наконт стварэння СП з кітайскімі аўтавытворцамі. Сямашка паведаміў, што такая вытворчасць можа быць разгорнутая ў Абчаку ўжо сёлета, перадае ІА REGNUM.