Шукаем працу спецыялістам па космасе з БДУ

130320_marcin_kosmas_0.mp3

Вучыць будуць на космааэракартографаў, гідраметэаролагаў ды ядзерных фізікаў. Будучых космааэракартографаў ужо чакаюць у міністэрствах, упэўнены рэктар БДУ Сяргей Абламейка.

Сяргей Абламейка: “Тэхналогіі апрацоўкі касмічнай інфармацыі развіваюцца, такія спецыялісты патрэбныя ва ўсіх міністэрствах, усе працуюць з электроннымі мапамі. Мы тут не збіраемся браць па 500 чалавек на гэту спецыяльнасць”.

У прыватнасці, такія спецыялісты могуць спатрэбіцца ў міністэрствах лясной гаспадаркі і сельскай гаспадаркі, мяркуе рэктар БДУ.

Спрабуем знайсці вакансіі для будучых спецыялістаў па касмічных мапах. У “Белдзяржлесе” ад Міністэрства лясной гаспадаркі сапраўды ёсць станцыя прыёму касмічнай інфармацыі. Пакуль спецыялісты там не патрэбныя.

“Зараз такой неабходнасці няма. Магчыма, яна ўзнікне пасля апрабацыі нашага спадарожніка БК-2”, — адказваюць Еўрарадыё ў "Белдзяржлесе".

Значыць, уся надзея на спадарожнік “Белка”.

У Міністэрстве сельскай гаспадаркі задумваюцца, калі пытаю пра космааэракартографаў, і раяць звяртацца ў вядучыя агракамбінаты: можа там трэба. Але там такіх не чакаюць.

“Мы ніколі не шукалі такіх спецыялістаў і вакансій такіх няма ў нас”, — каротка адказваюць у аддзеле кадраў агракамбіната “Сноў”.

А вось у Гідраметэацэнтры зацікаўленыя ў новых спецыялістах з БДУ. Праўда, у аддзеле кадраў установы адразу не могуць сказаць, колькі трэба і калі.

“Са з’яўленнем новых спецыяльнасцяў у ВНУ крыху мяняюць профіль і прадпрыемствы. Таму патрэбна ёсць, але ў лічбавым вымярэнні гэтага пакуль сказаць немагчыма”, — тлумачаць мне ў Гідраметэацэнтры.

“Новыя” спецыяльнасці гідраметэаролагаў і космааэракартографаў, якія анансуюць з 2013 года, былі ў галоўнай ВНУ і раней. Але як адгалінаванне спецыяльнасці “геаграфія” з коштам навучання каля 12 мільёнаў рублёў за год.

Зараз гэтыя напрамкі вылучылі ў асобныя спецыяльнасці з тэрмінам навучання ў пяць гадоў.

Фота: prof-press.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі