Рыгор Барадулін: Бог пакуль трымае…

111010 Zybliuk_Baradulin_site.mp3

Не паспеў Рыгор Барадулін вярнуцца з вакацыяў з родных Ушачаў – як здароўе дало збой. Стала моцна сціскаць сэрца. Жонка Валянціна Міхайлаўна выклікала “хуткую”. Зрабілі кардыяграму, праверылі – дзякаваць Богу, нічога экстраннага. Але зафіксавалі збой рытму сэрца, таму ўгаварылі дзядзьку Рыгора легчы ў шпіталь, каб дзякуючы курсу кропельніц нармалізаваць рытм.

У шпіталі мы заспелі Барадуліна на калідоры – званіў з таксафона жонцы.

“У нас розныя аператары, дык танней на хатні з таксафона званіць”, – тлумачыць народны паэт і дадае, што здароўе падводзіць яго ўсё часцей: “Такія гады – што прыходзіцца рамантавацца ў шпіталях. Некаторыя ў маіх гадах яшчэ бегаюць як жарабцы… Мама гаварыла, што “знасілася галава”. У мяне таксама ўжо знашваецца галава. Але тут ляжу – і таксама патрошку пішу”.

На нашу нясмелую просьбу Барадулін зачытаў некалькі апошніх вершаў.

Рыгор Барадулін:

Старэе восень,

Дзень ідзе на схон.

Старэе дзьмухаўцовая завея.

Прымоўк агонь – і сніць гарачы сон.

Ссівелы сам – гляджу як жар сівее.

Viersh1.mp3

* * *

Мамы няма,

Я застаўся адзін.

Як час.

Viersh2.mp3

* * *

Сон дасынае курган,

Снедае змрокам груган.

Ловіць туман трапяткі

Раніца ў дзве ракі.

Viersh3.mp3 


Сябры з сумам жартуюць, што апошнія гады Барадулін завёў звычай адзначаць у шпіталі свой дзень нараджэння, які яшчэ ў лютым...

“Усё яшчэ наперадзе!.. – усміхаецца паэт. – Гэта як у тым анекдоце. “— Куды вы мяне везяцё? – У морг. – Дык я ж яшчэ жывы! – Дык а мы яшчэ і не даехалі”. Альбо такі медыцынскі анекдот. “— Што ўрач сказаў? – Урач нічога не сказаў, толькі доўга цмокаў губамі. – Чаму? – Вузкія дзверы, можа труна не пралезці”.

Дзядзька Рыгор кажа, што кантакты з іншымі хворымі ў яго не заўсёды выходзяць гладкія.

“Я калі ляжаў у кардыялогіі, там былі ўдзельнікі вайны. Яны нармальныя нібыта людзі. Але калі заходзіць гаворка пра Савецкі Саюз… Усё!.. Адзін дагаварыўся да таго, што ГУЛАГ – гэта нармальна, а высылалі тудыя толькі кулакоў і ворагаў. Астатнія – дабравольцы. Я кажу: а Беламорканал – гэта што, як “Артэк”?.. А другі быццам бы таксама нармальны, але ўсё адно –Сталін, Сталін… Гэта замбіраваныя людзі”.

Але Рыгор Барадулін стараецца не думаць пра суседзяў і спадзяецца, што гэтым разам удасца выйсці з казённых сцен як найхутчэй.

Мы вобразна спыталіся ў народнага паэта, што цяпер, у дні сённяшнім, баліць у яго больш – галава ці сэрца?

Рыгор Барадулін:Я думаю, што ўсё-ткі сэрца. Галава, калі знасілася, яе цяжка рамантаваць. Але вы разумееце, калі нешта пішацца – мне тады лепей галаве. А калі нічога не робіш – пачынаюцца ўсякія думкі, адчай, роспач… Бо ўсё жыццё працаваў дзеля гэтай ідэі, дзеля Беларушчыны. А Беларушчына знікае, знікае, знікае…”

Ці трывожыць дзядзьку Рыгора здароўе гэтымі днямі?

Рыгор Барадулін: “Галава... І троху сэрца. Галава ўвогуле – маё слабае месца. Столькі разоў я яе біў, падаў… Як тады, некалькі гадоў таму ва Ушачах – выпаў практычна з другога паверха. І застаўся жывы, толькі палец на назе вывіхнуў. А там жа такія два слупы – мог бы зусім разбіцца. Але Бог трымае…”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі