Пазбавіцца ад каліноўшчыны

“Мураўёў распрацаваў
сістэму мераў, якія ў сукупнасці можна вызначыць як праграму
сацыяльна-эканамічнай, культурнай і этнічнай мадэрнізацыі беларускага
сялянства”
, — у гэткім стылі прамаўляў 20 студзеня з кафедры філіяла
Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта Аляксандр Бендзін, дацэнт Інстытута тэалогіі БДУ.

Яго выступ быў першым, запланаваным на канферэнцыі “Польскае шляхецкае паўстанне 1863 года.
Погляд на падзеі праз 150 гадоў”.
Злавесны тэрмін “этнічная мадэрнізацыя”
суседнічаў з не менш ваяўнічымі выразамі “прымітыўны этнацэнтрызм” і
“псеўданавуковая пена”. Яны энергічна прагаворваліся Кірылам Шаўчэнкам — кіраўніком “Цэнтра еўразійскіх даследаванняў” — падчас прывітальнага слова да
ўдзельнікаў і слухачоў канферэнцыі. Іх было няшмат — каля 15 чалавек на ўсю
вялікую і шыкоўную залу. Арганізатары сарамліва тлумачылі гэта таямнічай
“павальнай эпідэміяй”. Таму з запланаваных 10 навуковых дакладаў прагучала
толькі шэсць. Але і іх было дастаткова, каб разбіць на дробныя кавалкі легенду
аб Каліноўскім як нацыянальным героі Беларусі.

Асабліва канкрэтна пра Кастуся Каліноўскага выказаўся
галоўны рэдактар часопіса “Беларуская думка” Вадзім Гігін. Ён знішчае міф адным
пытаннем, кінутым у пустэчу залы.

“Якім жа чынам Каліноўскі, чалавек, які ў сваіх маніфестах і
загадах называў беларусаў дурнымі авечкамі, параўноўваў іх з Іудай Іскарыётам і
Каінам, якім чынам вось гэты чалавек, які глыбока ненавідзеў беларускі народ,
які разгарнуў шырокі тэрор на тэрыторыі Беларусі і чыю фігуру па яе жахлівым
водбліску можна параўнаць са знакамітым Нячаевым і нячаеўшчынай, вядомымі са
знакамітых п’ес Дастаеўскага, — якім жа чынам гэты чалавек раптам зрабіўся
нацыянальным героем Беларусі?”

Адказ на гэтае пытанне зачароўвае. Паводле Вадзіма Гігіна,
легенду стварылі бальшавікі, якім быў патрэбны сялянскі беларускі герой (адсюль
і імя Кастусь, дарэчы), а замацавалі яе ўжо ў 90-я беларускія апазіцыянеры і
нацыяналісты, якіх новая ўлада змагла выціснуць з палітычнага поля ў
культурнае. А яны там паспяхова расквітнелі і памножыліся. Таму зараз прабіцца
да людзей гістарычнай праўдзе надзвычай складана.

Рэдактар “Беларускай думкі” прызнае, што “пазбавіцца ад
каліноўшчыны” будзе няпроста. Але разам з тым не без задавальнення распавядае
аб адсутнасці ў беларускіх уладаў намеру святкаваць 150-годдзе паўстання. У
адрозненне ад Польшчы і Літвы. Дробязі, накшталт выпуску “Белпоштай” памятнай
паштоўкі і маркі з выявай Каліноўскага, Гігін назваў “цемрашальствам
чыноўнікаў”.

Далей было ўжо не так экспрэсіўна. Але ўсё ж не без вартых
цытавання заяваў. Кандыдат гістарычных навук і дацэнт Брэсцкага дзяржаўнага
ўніверсітэта Аляксандр Загорнаў распавядае пра дзейнасць паўстанцаў на
тэрыторыі Беларусі, асабліва засяродзіўшыся на іх падабенстве з тэрарыстамі.

“Вось гэтая ідэя тэрору, у якой унушэнне жаху і страху
з’яўляецца вельмі важным момантам, вось яна стала важным элементам тактыкі
паўстанцаў”,
— расказвае ён.

Аддзяленне “насельніцтва Паўночна-Заходняга краю” ад
паўстанцаў увогуле было трэндам канферэнцыі. У адным з дакладаў нават прагучала
меркаванне, што царскія расійскія войскі былі сям-там вымушаныя бараніць
паўстанцаў ад раз’юшаных сялян, якія жадалі адпомсціць сепаратыстам за намер
аддзяліць іх старонку ад “адзінай і непарушнай Русі”.

А вось Каліноўскі, паводле дацэнта кафедры паліталогіі БДУ
Усевалада Шымава, толькі і хацеў, што аднавіць Рэч Паспалітую. А ў дадатак
подла падманваў беларусаў, звяртаючыся да іх на “беларускім дыялекце”.

“Ён піша: “Вы — мужыкі зямлі польскай”. А значыць, бачыў
народ менавіта як грамадзян вось гэтай адноўленай польска-літоўскай Айчыны і
гэтак далей. Міфалогія ў “Мужыцкай праўдзе” — яна абсалютна польская паводле
свайго характару. І выкарыстанне беларускага дыялекту ў дадзеным выпадку
абсалютна не павінна нас уводзіць у зман”.

Гэтага “беларускага дыялекту”, дарэчы, на самой канферэнцыі
не гучала ані крышачку. Напэўна, каб не ўводзіць у зман нешматлікіх слухачоў.
Яны збольшага ўважліва слухалі выступы, час ад часу заклікаючы навукоўцаў да
больш і менш рашучых дзеянняў у выглядзе суда з “Белпоштай”, якая так
непрадбачліва ўславіла Каліноўскага. Альбо вялікіх рэкламных шчытоў у цэнтры
сталіцы з выявамі сапраўдных герояў.

У заключным выступе адзін з арганізатараў канферэнцыі,
кіраўнік праекту “Заходняя Русь” Ігар Зелянкоўскі адзначае пераемнасць
Рэспублікі Беларусь з… Кіеўскай Руссю.

“Рэспубліка Беларусь сёння, як ніякая іншая краіна
постсавецкай прасторы, шмат у чым з’яўляецца спадкаемніцай рускай дзяржаўнай
традыцыі, якая ідзе ад Кіеўскай Русі і Расійскай імперыі, у стварэнне якой
продкі беларусаў унеслі велізарны ўклад”,
— паведамляе ён.

І заклікае пачаць збор падпісаў за вяртанне ў Мінск помніка
Аляксандру ІІ
. Бо гэта ён з’яўляецца сапраўдным героем для беларускага народа,
а ніякі не Каліноўскі. Адгукнуўся на просьбу прадстаўнік грамадскай арганізацыі
“Горад без наркотыкаў”.

Разыходзіліся навукоўцы пад абяцанні вывесіць тэксты сваіх
дакладаў на сайце “Заходняй Русі” ды апублікаваць у “Беларускай думцы”,
назваўшы часопіс адзіным друкаваным органам Беларусі, вольным ад заходніх
уплываў.