На беларусаў палююць антыдопінгавыя чыноўнікі?

Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных федэрацый (IAAF) выдала спіс краінаў, чыіх спартсменаў найчасцей правяралі на допінг у 2008 годзе. І Беларусь трапіла ў лідэры – 148 тэстаў і другое пасля Расіі (181 тэст) месца. На трэцім – кітайцы (126 тэстаў), чацвёртыя амерыканцы.

Еўрарадыё звярнулася ў IAAF па тлумачэнні, чаму з сотняў розных краінаў менавіта на беларусаў скіравана такая неверагодная цікавасць антыдопінгавых чыноўнікаў.

“Окей, — каментуе Еўрарадыё менеджэр па камунікацыі антыдопінгавага дэпартамента IAAF Крыс Батлер. — Хоць Беларусь і маленькая краіна, тут дастаткова добрых атлетаў. Менавіта з гэтай прычыны многія спартсмены прайшлі даволі шмат тэстаў цягам года. Вось і ўсё”.

У нацыянальным антыдопінгавым агенцтве Беларусі (NADA) са сваімі спартсменамі таксама не цырымоняцца. У мінулым годзе на ўжыванні забароненых сродкаў вылічылі аж…дзесяць чалавек. Дырэктар NADA Мікалай Кручынскі не стаў крытыкаваць замежныя антыдопінгавыя камітэты.

Мікалай Кручынскі: “Мяркую, што тут не суб'ектыўны падыход, а аб'ектыўны. Я ўсё ж такі аддзяляў бы ў гэтым пытанні палітыку і спорт. І нармальна, што ў спартоўцаў, якія нечакана паказваюць добрыя вынікі, бяруць допінг-тэсты”.

NADA інспектуе беларускіх спартсменаў не менш жорстка за міжнародных кантралёраў. А ў гэтым годзе колькасць допінг тэстаў збіраюцца павялічыць удвая.

У мінулым годзе мы зрабілі 470 тэстаў, — кажа Мікалай Кручынскі. — На гэты год мы плануем рабіць прыкладна тысячу”.

Малатабоец Вадзім Дзевятоўскі, які на апошняй Алімпіядзе пацярпеў ад такіх тэстаў, пагаджаецца з масавай допінг-барацьбой. Але не задаволены перагібамі ў гэтым працэсе.

Вадзім Дзевятоўскі: “Барацьба з допінгам вядзецца, і гэта адчуваецца. З кожным годам усё больш і больш. І я стаўлюся да гэтага з разуменнем. Здараецца, да цябе нечакана прыязджаюць браць допінг-тэст, а праз дзесяць дзён ізноў. Праходзіць яшчэ дзесяць дзён, і на парозе стаяць госці, гатовыя зноўку ўзяць тэст на допінг. І такое бывала не толькі са мной, але і з іншымі атлетамі. Напэўна, справа ў тым, што мы заваёўваем шмат медалёў, бываем трэцімі, пятымі на чэмпіянатах свету ў камандным заліку”.

Цяпер Дзевятоўскі і Іван Ціхан чакаюць рашэння спартыўнага арбітражнага суда ў Лазане. Малатабойцы сцвярджаюць, што допінг у іх арганізм трапіў выпадкова.

Вадзім Дзевятоўскі: “На тое ён і суд, каб разабрацца ва ўсім да дробязяў. Калі б не было шанцаў, мы б не трацілі свае грошы, аўтарытэтныя юрысты не сталі б з намі звязвацца”.

Вядомы беларускі спартыўны аглядальнік газеты “Прэсбол” Барыс Тасман тлумачыць, за што чыноўнікі антыдопінгавага кірунку так “уз'еліся” на беларускіх атлетаў.

Барыс Тасман: “У апошнія гады акурат беларускія спартсмены адрозніваліся ў горшы бок. У IAAF, напэўна, добра ведаюць, што ў нас цягам года было пяць станоўчых допінг-пробаў у цяжкай атлетыцы. І ў лёгкай атлетыцы назіраецца рост станоўчых допінг-пробаў. У мінулым годзе іх было шэсць. Ніколі раней столькі не было”.

Вось самыя вядомыя допінг-“залёты” беларусаў у апошнія гады. Скакуна ўвышыню Аляксея Ляснічага дыскваліфікавалі на Алімпіядзе ў Афінах. У мінулым годзе пацярпелі на Кубку Еўропы лёгкаатлеткі Юлія Леанцюк і Ірына Баханоўская. А перад Алімпіядай у Пекіне на допінгу злавілі Алесю Тураву, але спартсменка сама сышла са спорту, і расследаванне спынілі.

“Другі момант. Асацыяцыя добра ведае, што ў беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі цесныя сувязі з Расіяй, — працягвае Барыс Тасман. — Расіяне з'яўляюцца рэкардсменамі па станоўчых допінг-пробах. У мінулым годзе ў іх было каля 30 станоўчых тэстаў. Гэта рэкордны паказчык за ўсе гады для ўсіх краінаў”.

Барыс Тасман упэўнены, што беларусы не сталі ахвярамі палітычных гульняў. Міжнароднае антыдопінгавае агенцтва не шкадуе нікога.

Барыс Тасман: “У мінулыя гады такая ж цікавасць была і да ЗША. Асабліва пасля таго, як выкрылася гісторыя з лабараторыяй BALKO. Гэта быў 2003 год. Гаворка вялася пра допінг пад назвай THG”.

Цяпер Беларусь апярэджвае і ЗША і Кітай па колькасці допінг-праверак, нягледзячы на тое, што па колькасці спартсменаў да медалёў наша краіна ім істотна саступае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі