"Музычны Апельсін-2011": ад "U.G.oslaviі" да "Перкалабы"

111006 Malina MuzOrang.mp3

Чацвёрты дэма-фэст шчырай музыкі "Музычны апельсін" зноў выходзіць на пляцоўкі Мінска. Сёлета на сцэну клуба Re:public выйдуць 5 гуртоў з Беларусі і Ўкраіны, а таксама ўдзел у фэсце возьме спецыяльны госць, імя якога пакуль не раскрываецца.

Замежным хэдлайнерам фэста стане "украінскі Ману Чао"- гурт "Перкалаба". Год таму музыкі ўжо бралі ўдзел у "Музычным апельсіне", праўда з невялікай праграмай. Гэтым разам, кажа ідэйны натхняльнік фестывалю Зміцер Бейнарт-Саладуха, "Перкалаба" прывязе ў Беларусь паўнавартасны сэт у 1,5-2 гадзіны.

Зміцер Бейнарт-Саладуха: "Мы ўбачылі, як на іх адрэагавала публіка на мінулагоднім "Бульбоксе", і вырашылі замацаваць поспех і пазнаёміць большую колькасць гледачоў з гэтай музыкай".

"Музычны апельсін" свой фармат практычна не зменіць. Сёлетні фестываль будзе аднадзённым і прапануе гледачам азнаёміцца з актуальнымі накірункамі альтэрнатыўнай музыкі.

"Там будуць свежыя праекты. Гэта тое, для чаго "Музычны апельсін" і патрэбны. Каб паказаць вялікай мінскай аўдыторыі, што адбылося за год у беларускай музыкальнай альтэрнатыўнай творчасці", – тлумачыць Зміцер Бейнарт-Саладуха.


У якасці адкрыцця ў гэтым годзе дэма-фэст "Музычны апельсін" прэзентуе каманду "U.G.oslavia". Гурт дэбютаваў на мінулагоднім фестывалі з 20-хвіліннай праграмай.

"Праект, на наш погляд, вельмі годны і перспектыўны, і для беларускай музыкі важны. Гэта жаночы праект, з "фронтгёрл", - цудоўная дзяўчына, якая ўсё прыдумляе і складае. Вось, паглядзім, што яна наскладала на гэты раз", – кажа Зміцер.

 

Беларускія хэдлайнеры імпрэзы – "No comment band". Музыканты ўжо бралі ўдзел у запісе адной з праграм Бульбокс ды і, са словаў Змітра, “гурт зараз паўсюль звініць”:

"І вось мы хочам паказаць іх уласны фармат. У гурта ёсць вялікая сольная праграма. Мы будзем глядзець, што такое іх уласная творчасць у фазе натхненнага руху. Таму што зараз, вядома, яны натхёныя ўласнымі поспехамі, запатрабаванасцю. Яны такія радасныя! І вельмі хочацца, каб як мага больш людзей пабачыла іх такімі! Ад іх такія эманацыі цудоўныя ідуць зараз!"

Сярод выступоўцаў "Музычнага апельсіну-2011" таксама гурты  "Bez.Not", "Lilac" і "BosaeSonca".


Яшчэ адна задума фестывалю – пазнаёміць паміж сабой не толькі розную музыку і музыкантаў, але і іх аўдыторыі.

"Сваім фестывалем мы спрабуем раскрыць для аўдыторыі, якая незнаёмая з музыкай, напрыклад, "Перкалабы", ці завісае на музыцы, якую грае "Lilac", іншую музыку, - кажа Бейнарт-Саладуха. - Мы хочам паказаць, што гэта сумяшчальна і магчыма. І што гэта цудоўна проста хаця б таму, што гэта таленавіта. І такім чынам пашырыць свядомасць людзей".

Нагадаем, фэст шчырай музыкі "Музычны апельсін" пачнецца ў клубе Re:public 28-га кастрычніка, у 18.30.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі