Кітайскія месцы Мінска (фота)

130412_rugajn_kitajcy.mp3

Паводле перапісу 2009 года, у Беларусі жыве 1 тысяча 642 кітайцы. Ведаючы іх схільнасць сяліцца побач і ствараць навокал свой культурны асяродак, Еўрарадыё вырашае высветліць, ці ёсць у Мінску сапраўды кітайскія месцы.

“Кітайскіх тусовак у іх няма, — распавядае студэнтка Крысціна, суседкі па пакой якой родам з Кітая. — Ды яны і ўвогуле рэдка куды-небудзь ходзяць. Увесь час дома сядзяць. Адна дзяўчына сустракаецца з хлопцам, але ён таксама кітаец”.

Сяброўка Крысціны прыгадвае пра караоке-клуб, дзе можна спяваць песні на кітайскай мове. У Мінску сапраўды ёсць такое месца — начны клуб “Опера”.

1 тысяча 146 беларускіх кітайцаў — студэнты. Большасць з іх, натуральна, навучаецца ў БДУ і жыве ў інтэрнатах гэтага ўнівера. На вуліцы Кастрычніцкай людзей ўcходняй знешнасці сапраўды вельмі шмат. Але ні ў “двойцы”, ні ў “сямёрцы” на дошках для абвестак — ніводнага слова па-кітайску.

Затое якраз у будынку інтэрната БДУ месціцца сапраўдная кітайская крама. Яшчэ адна, большая, ёсць у Ждановічах. Локшына, грыбы, соусы, салодкае печыва і салёныя крэкеры — усё гэта з Кітая.

Кітайскія крэкеры і к/з "Мінск"

Славутая локшына

 Асноўныя пакупнікі ў кітайскіх крамах — зусім не кітайцы! Пры мне хлопец пытаецца ў прадавачкі пра нейкія жуйкі, а жанчына заходзіць па спецыі.

Вось кітайцы разам кураць на ганку філфака БДУ. Але і тут па-кітайску — ні слова, нават расклад для кітайскіх студэнтаў — на рускай мове.

На журфаку БДУ прысутнасць кітайцаў заўважная… у бібліятэцы! Ніякіх абвестак накшталт “Кітайцы, паводзьце сябе цішэй”  тут няма. Затое ёсць газеты і часопісы на кітайскай мове.

 

У Інстытуце кітаязнаўства імя Канфуцыя па-кітайску напісана шмат, але гэта натуральна.

А вось кітайскае афармленне тутэйшай сталоўкі з асобным уваходам можа здзівіць. Тым больш што ў гэтае памяшканне ўваход асобны, і паесці тут можа кожны жадаючы.

Шкада, але стравы ў "кітайскай" сталоўцы прадаюцца самыя звычайныя: замаўляю макароны, курынае філе і нешта падобнае на грэчаскую салату.

Не расшукаўшы “кітайскага кварталу” ў рэальным свеце, Еўрарадыё знаходзіць грунтоўнае прадстаўніцтва Кітая ў байнэце. На сайце радыёканала “Беларусь” можна знайсці кітайскую старонку, а ў эфіры нескладана натрапіць на кітайскую мову.

“Адкрыўшы вяшчанне на кітайскай мове, мы працягнулі працу ў міжнародным эфіры па прасоўванні іміджу нашай краіны за яе межамі”, — распавядае галоўны дырэктар міжнароднага вяшчання радыё “Беларусь” Навум Гальпяровіч.

Пакуль што праблема “кітаізацыі” для Мінска не актуальная. Але на поўначы сталіцы ідзе будоўля, празваная ў народзе “Чайна-таўн”, а пад Смалявічамі ствараецца кітайскі тэхнапарк.