Каратыст з БНФ хоча "выбіць" алімпійца Дзевятоўскага

Як прызнаўся Еўрарадыё Вадзім Дзевятоўскі, свайго суперніка па выбарчым марафоне ён не ведае і не баіцца. Перш за ўсё таму, што выбарцы ў акрузе добра ведаюць яго не толькі як кідальніка молата і алімпійца, але і як дзеючага дэпутата гарсавета ад гэтай акругі.

Вадзім Дзевятоўскі:
“Я не знаёмы з яго праграмай, бо яшчэ не было магчымасці азнаёміцца з праграмай, калі можна так сказаць, суперніка. Для мяне — суперніка, канкурэнта. Бо ў мяне не самамэта — атрымаць задавальненне ад перамогі. Я ўжо дзеючы дэпутат на гэтым участку, і кандыдат ад БНФ ці ад улады нехта — для мяне няма розніцы абсалютна”.

У сваю чаргу сябра Партыі БНФ Уладзімір Кунцэвіч добра ведаў, хто яму будзе супрацьстаяць у акрузе. І прычына адсутнасці страху перад супернікам палягае ў тым, што жыхары акругі не ведаюць свайго дэпутата.

Уладзімір Кунцэвіч:
“Зараз, калі збіралі подпісы, у людзей пыталіся: “А хто ў вас цяпер дэпутат?”. І аказалася, што практычна ніхто і не ведае — хто дэпутат па гэтай акрузе. Дэпутаты "ўсплываюць" у нас толькі падчас выбараў”.

Ды і спартовым дасягненням Дзевятоўскага прадстаўніку апазіцыі ёсць што супрацьпаставіць.

Уладзімір Кунцэвіч: “Я займаўся каратэ. Яшчэ і навыкі, яшчэ і расцяжка ёсць. Яшчэ і на турніку магу пакруціць”.

Шкада, кажа, што падчас мясцовых выбараў не прадугледжаныя дэбаты кандыдатаў на дэпутацкі мандат. Сустрэцца з апанентам Кунцэвіч не пабаяўся бы дзякуючы не толькі фізічнай форме, але і адукацыі ў галіне мясцовага самакіравання, наяўнасць якой хацелася б праверыць у спартсмена-дэпутата.

Уладзімір Кунцэвіч:
“Я вельмі шмат займаўся, шмат прайшоў навучання па мясцовым самакіраванні. На досведзе і Польшчы, і Швецыі, і Ўкраіны, і Расіі. У мяне ёсць пра што пагаварыць з дзеючымі дэпутатамі”.

Калі прадстаўнік апазіцыі і мае пра што пагаварыць, то Дзевятоўскі сцвярджае, што можа пахваліцца рэальна аказанай за 4 гады дэпутацтва жыхарам сваёй акругі дапамогай.

Вадзім Дзевятоўскі: “Праблемы ЖКГ — я пастаянна сутыкаюся з гэтым. Пастаянна людзі прыходзяць з просьбай там дапамагчы, там “прабіць” нешта. Я атрымліваю задавальненне ад таго, што дапамагаю, вяду сацыяльныя праекты, працую з моладдзю, хаджу па школах”.

Але Ўладзімір Кунцэвіч скептычна ставіцца да такіх заяваў свайго канкурэнта.

Уладзімір Кунцэвіч:
“Я ў людзей пытаўся: “Ці звярталіся вы да свайго дэпутата з якой-небудзь праблемай?”. І практычна імгненныя адказы: “А навошта? Які ў гэтым сэнс?”

Дзевятоўскі пагаджаецца з тым, што не ў сілах дэпутата гарсавета “зрабіць рэвалюцыю” альбо “перавярнуць свет”. Але, кажа, вырашаць дробныя справы, накшталт дапамогі ветэранам альбо пенсіянерам, — цалкам у іх магчымасцях. Чым ён, нібыта, і займаецца. Праўда, не забываючыся пра спорт. Тым больш, што абавязкі дэпутата шмат часу не забіраюць.

Вадзім Дзевятоўскі: “Я ўжо даўно ў такім рэжыме працую, што ў мяне атрымліваецца сумяшчаць. Я заканчваю другую трэніроўку каля 11-12 гадзін ночы — гэты час не перасякаецца з тым, каб працаваць з людзьмі. Ды і прыём вядзецца адзін раз на месяц, пасяджэнні гарсавета таксама не кожны дзень. Таму гэтую працу можна сумяшчаць са спартовай дзейнасцю”.

Апанент прадстаўніка “Белай Русі” кажа, што дэпутацтва Дзевятоўскаму неабходна толькі для таго, каб з гэтага падмурку скочыць у выканаўчую ўладу. Бо спартовая кар’ера кідальніка молата, якому пасля Алімпіяды ў Пекіне пагражае пажыццёвая дыскваліфікацыя за ўжыванне допінгу, відаць, ужо скончаная. І зацвердзіцца на новым месцы працы яму дапаможа адміністрацыйны рэсурс і фальсіфікацыі падчас падліку галасоў, кажа Кунцэвіч.

Дзевятоўскі наконт магчымых фальсіфікацый вынікаў галасавання выказваецца асцярожна.

Вадзім Дзевятоўскі: “Я, магчыма, таксама дзесьці гэта чуў, але не бачыў, каб нехта фальсіфікаваў ці нешта такое рабіў. Можа, таму што не стаяў каля скрыні, не прысутнічаў пры падліках”.

Што ж тычыцца спартовай кар’еры, то, адзначае Дзевятоўскі, наконт яго дыскваліфікацыі сваё апошняе слова суд не сказаў. Таму і крыж на ёй ставіць рана. А дэпутацтва для яго — нешта накшталт унутранай патрэбы ў рэалізацыі інтарэсаў сваёй рознабаковай асобы.

Глядзі таксама:

На вяртанне алімпійскіх медалёў Дзевятоўскі і Ціхан патрацілі $400 тысяч

Ціхан і Дзевятоўскі не атрымалі грошы за Алімпіяду


На беларусаў палююць антыдопінгавыя чыноўнікі?

Дзевятоўскі: Ёсць добры шанц даказаць нашу невінаватасць

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі