Шведы Immanu-el паказалі, як гучаць халодныя мора і неба

Напярэдадні мінскага канцэрту шведскай пост-рок-каманды Immanu-el некаторыя яшчэ сумняваліся -- што гэта ўсё ж за з'ява. Улічваючы, што са стараяўрэйскай, прыбраўшы прабелы, назву каманды можна перакласці як "Бог з намі", бадзёрае меркаванне, што ў Мінск упершыню прыедуць выканаўцы хрысціянскага пост-року, падавалася даволі праўдападобным. Таксама чакаўся і прыезд нейкай эратычнай фармацыі са зразумелай алюзіяй.

Аднак, чаканні гэтыя па аб'ектыўных прычнах не апраўдаліся. Мінская публіка шэрым лістападаўскім вечарам удыхнула порцыю ёдаванага пост-року ад даволі маладой шведскай каманды, якая існуе з 2004 года, мае 3 альбомы, апошні з якіх "In Passage" ужо другі год катае па планеце і нарэшце давезла да нас.

Нечакана ў ролю сапарту адыграў не заяўлены ў афішы мінскі гурт Blackpaperplanes. Улічваючы, што не ўсе прысутныя ведалі ў твары асноўны гурт вечара і той факт, што ў ім павінны прысутнічаць двое братоў-блізнят, часта аўдыторыі спрабавала разгледзець у беларусах скандынаўскія рысы. Але, даведаўшыся, што на сцэне айчынныя музыкі, большасць адсыпала Blackpaperplanes кампліментаў. Нагадаем, што гурт у апошні дзень мінулага лета прэзентаваў на Еўрарадыё дэбютнік "In Abeyance".

Як высветлілася, Immanu-el апынуліся вельмі жвавымі пост-рокерамі. З першых акордаў яны пачалі энергічна прытанцоўваць пад сваю даволі задуменную музыку. А публіка ў саю чаргу прыслухалася, бо на жыва шведы гучаць сапраўды чароўна. Выява халоднага паўночнага мора, якая праецыпавалася на заднік сцэны найлепшым чынам ілюстравала музыку задуменную і крыху нервовую, змрочную і адначасова яскравую, халодную, але вельмі утульную. Верагодна, варта было прыдумаць пост-рок, каб пасля яго гралі скандынавы.

Як высветлілася канцэрт у Рэ:пабліку браты Claes і Per Strängberg гралі ў свой Дзень нараджэння, і адзанчаць яго пачалі прама на сцэне пад віншаванні зачараванай публікі. А пасля канцэрту музыкі яшчэ хвілін 40 раздавалі аўтографы на сваім, падавалася б, нятанным для беларускай моладзі мерчы.

David Lillberg стварае атмасферныя гукі з дапамогай гітары, клавішных і сэмплаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі