Das Fest запрашае наведаць Германію без візы

Пазнаёміць беларусаў з цікавай музыкай Германіі вырашылі ўдзельнікі беларускай суполкі германафілаў — аматараў Германіі і ўсяго, што звязана з гэтай краінай. Так, намаганнямі ідэйнай натхняльніцы фэста Любові Смірновай у Re:Public адбудзецца фестываль Das Fest.

"Праект па сваёй сутнасці некамерцыйны, — распавядае Любоў. —  І мы ладзім гэта для таго, каб людзі маглі паслухаць цікавую нямецкую музыку без візы і нейкіх іншых выдаткаў. Шмат людзей хацелі б з’ездзіць на канцэрты гэтых музыкаў у Германію, але не маюць такой магчымасці".

Удзельнікаў фэсту адбіралі па прынцыпе "рамантычнасць, цяпло і пазітыў" — неабходныя складальнікі душэўнага восеньскага канцэрта, лічаць арганізатары. Марцін Кілгер прэзентуе ў Мінску свой чацвёрты  альбом "Leben oder nicht", адказным за нямецкае рэгі будзе Крыс Косма, а ямайскіх рытмаў у фестывальны настрой дадасць Марлон Бі. Дарэчы, у клубе Re:Public, дзе 17-га лістапада і адбудзецца Das Fest, арганізатары абяцаюць стварыць адпаведную атмасферу з дапамогай адмысловага святла і розных прыемных рэчаў. 

Фэст выклікаў вялікую зацікаўленасць у нашых суседзяў: як распавяла Любоў Смірнова, наведаць Das Fest збіраецца шмат аматараў нямецкай музыкі з Расіі.

 

 

фота: dasfest.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі