ДАХ XIII распачаўся ў Берліне

Міжнародны фестываль несвоечасовага мастацтва «Дах»  упершыню прайшоў у Берліне ў 2001 г. Тады ў праекце ўзялі ўдзел каля 40 мастакоў. Ідэя была такая, каб фэст праводзіць то ў Берліне, то ў Мінску – па чарзе, каб гэта быў нібы гіганцкі мост паміж культурамі. 
Сёлетні фестываль праходзіць у межах праекту «Ахвяры мастацтва» і прысвечаны славутаму мастаку Язэпу Драздовічу. Выстава «Вечны вандроўнік і яго сябры» касмічная ва ўсіх сэнсах, бо Драздовіч быў яшчэ і жарсным астраномам.
Адзін з арганізатараў фестывалю Юрась Малаш, старэйшы навуковы супрацоўнік гісторыка-культурнага музэя-запаведніка «Заслаўе», даследчык жыццёвага шляху Язэпа Драздовіча, распавёў Еўрарадыё, што мастак маляваў не толькі зямныя краявіды, але і касмічныя пейзажы, фантастычныя карціны пра жыццё на іншых планетах. 
На інтуітыўным узроўні Язэп Драздовіч ледзь не зрабіў важнае навуковае адкрыццё. У 1931 г. ён стаў аўтарам першай касмалагічнай тэорыі «Паходжанне планет сонечнай сiстэмы з парных зоркавых сiстэм», якая магла б быць не менш папулярнай, чым тэорыя паходжання планет Джэферса Джынса, калі б толькі яе пабачыў свет.
Юрась: - Па сутнасці, гэта і першы пацыфіст Беларусі, і незвычайны філосаф, і, безумоўна, геніяльны творца, мастацтва якога застаецца амаль невядомым нават для беларусаў.
На выставе прадстаўленыя каля 20 твораў мастака і каля 20 арт-аб'ектаў, створаных Алесем Родзіным, Юрасём Малашам і Змітром Юркевічам.
Там жа, на пятым паверсе, праходзіць і выстава беларускага мастака Алеся Родзіна «Global Warning». Алесь кажа, што пяты паверх карыстаецца вялікай папулярнасцю і ў дзень адкрыцця абедзьве выставы наведала шмат людзей, у тым ліку беларусаў.
Алесь:  - Штодня чалавек 10 з Беларусі праходзіць, але нажаль яшчэ не створаныя спрыяльныя візавыя магчымасці для наведвання беларусамі Берліна. Дзякуем Берліну за магчымасць правесці такую выставу!
Запрашаем на беларускую выставу, калі хто з нашых слухачоў будзе ў Берліне. Экспазіцыя знаходзіцца ў берлінскай арт-галерэі «Тахелес»  (вул. Араніенбургер 54/56) да 14 лістапада.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі