Букмекеры не вераць у перамогу БАТЭ

Букмекеры не вераць у перамогу БАТЭ, які 24 лютага згуляе другі матч 1/16 Лігі Еўропы супраць парыжскага Пары Сэн-Жэрмэн. Затое, калі даверыцца барысаўскаму клубу і ўсё ж паставіць на яго, можна добра выйграць. Каэфіцыент на перамогу БАТЭ – 8,4, а на поспех ПСЖ – усяго 1,4. Перад такімі матчамі заўсёды вялікі ажыятаж, кажуць у букмекерскай канторы "Алімп".

"Калі такія матчы, то нават тыя, хто звычайна не ставіць і не разбіраецца, яны прыходзяць, дапамогі просяць і хочуць паставіць на нашых у асноўным, вядома ж".

Большасць аматараў, вядома ж, верыць у перамогу БАТЭ, але прафесіяналы вырашылі на гэты матч увогуле не ставіць.

Мужчына: "У Францыі цяпер разгар чэмпіянату. Калі аб'ектыўна ацэньваць шанцы, то ў Францыі сярэдзіна сезону, БАТЭ толькі ўваходзіць у сезон. На гэты сезон у іх ёсць нейкія задачы, але не думаю, што ёсць звышзадача прайсці ПСЖ. На матч я не буду рабіць ніякіх ставак, таму што балею за БАТЭ, ставіць супраць іх не хачу, але шанцы бачу дзесьці 80 на 20 на карысць ПСЖ".

Хлопец: "Калі шчыра — не, хочацца пабалець не зацікаўленым матэрыяльна і шчыра ўкласці душу за нашых хлопцаў. Калі аб'ектыўна, я лічу дзесьці 25 на 75, таму што міжсезонне, цяжка нашым будзе. Але тое, як правялі першую гульню, ўсяляе аптымізм. Будзем балець, падтрымаем абавязкова".

Сярод аматараў таталізатару ёсць меркаванне, што БАТЭ не вельмі патрэбны выхад у 1/8 Лігі Еўропы. Маўляў, клуб больш зацікаўлены ў падрыхтоўцы да выхаду ў групавы этап Лігі Чэмпіёнаў, а гульні ў Лізе Еўропы могуць гэтаму перашкодзіць.

Мужчына: "Мне б хацелася, каб БАТЭ больш надаў увагі, каб прайсці ў наступны этап Лігі Чэмпіёнаў. Яны і так дабіліся многага. Гэта дастаткова для іх ўзроўню на дадзены момант. Але ў Лізе Чэмпіёнаў было б іх цікавей бачыць, чым у Лізе Еўропы".

Карэспандэнт Еўрарадыё вырашыў усё ж паставіць на БАТЭ з верай у каманду і яе перамогу на парыжскім полі. Тым больш каэфіцыент на перамогу БАТЭ дастаткова высокі.

"Каэфіцыент — гэта верагоднасць выйгрыша. На перамогу ПСЖ 1.4, на перамогу БАТЭ 8.4. Калі ваша стаўка 10 тысяч на перамогу БАТЭ, то вы выйграеце 84 тысячы, на нічыю каэфіцыент 4 — гэта выйгрыш 40 тысяч", – распавялі ў букмекерскай канторы.

Нагадаем, матч БАТЭ супраць ПСЖ пачнецца ў чацвер 24 лютага а 22-й гадзіне. У выпадку перамогі барысаўчане пройдуць у наступны раунд Лігі Еўропы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі