Арганізатары “Басовішча”: Просім прабачэння за ўсе памылкі

Крыху больш за месяц засталося да фестывалю “Басовішча”, які вось ўжо 20 гадоў ладзяць беларусы Польшчы ў мястэчку Гарадок на Беласточчыне. Але інфармацыі пра будучы фэст у беларускіх СМІ амаль няма. Больш за тое, днямі на партале “Тузін гітоў” з’явілася інфармацыя пра тое, што старшыня Беларускага аб’яднання студэнтаў Кася Кузьміч, якая ўзначальвае аргкамітэт па падрыхтоўцы “Басовішча”, адмовіла іх журналісту ў інтэрв’ю.

Па словах рэдактара “ТГ” Сяргея Будкіна, такая адмова вельмі пакрыўдзіла партал як шматгадовага інфапартнёра фэсту.

Сяргей Будкін: “Мы былі неад’емным інфармацыйным партнёрам фестывалю цягам 6 гадоў. І падтрымлівалі не толькі на ўзроўні інфармацыі, але часам і па візавай падтрымцы нашы людзі дапамагалі, і ўваходзілі ў склад журы фестывалю – нейкі ўнёсак рабілі ў агульную справу. І таму адмова арганізатара фестывалю ў інтэрв’ю выглядае вельмі прыкра”.

На думку Будкіна, непаразуменне ўзнікла з-за нежадання старшыні БАС бачыць хоць нейкую крытыку ў СМІ, што, лічыць ён, вядзе да інфармацыйнага голаду.

Сяргей Будкін: “Я думаю, тут прычына ў тым, што арганізатары фестывалю хочуць, каб пра іх фэст пісалі і казалі толькі добра. Мы гэта рабілі, калі былі падставы. Але калі былі падставы для крытыкі – то мы крытыкавалі. І тут сяброўскія адносіны гралі ролю, бо трэба было заяўляць пра такія факты. Але як мы пабачылі яшчэ ў мінулым годзе, пасля прыходу новага арганізатара (Касі Кузьміч – Еўрарадыё), пра “Басовішча” мала кажуць, пра “Басовішча” мала пішуць. Даюць толькі тое, што рассылаюць арганізатары па 1-2 інтэрнэт-крыніцах. “Басовішча” ў інфармацыйным плане гібее на вачах”.

Багдан Сіманенка арганізоўваў “Басовішча” напачатку 1990-х. Нават у той час, кажа ён, пра фестываль у Беларусі ведалі больш, чым сёння. І гэты пралік арганізатараў яго вельмі здзіўляе.

Багдан Сіманенка: “Я не разумею, чаму так – такі фестываль і нічога пра яго не вядома ў Беларусі?! Гэта проста жах. Няма нават што разумнага сказаць пра гэта – гэта нейкая дурата!”

Сама Кася Кузьміч каментаваць прычыну канфлікту з “Тузінам гітоў” адмовілася. Маўляў, гэта асабістая справа арганізатараў і музычнага парталу. Што ж тычыцца інфармацыйнага голаду, то арганізатары прызнаюць сваю недапрацоўку і абяцаюць яе выправіць бліжэйшым часам.

Кася Кузьміч: “Мы яшчэ маладыя людзі. Можа яшчэ не ўсё робім так, як яно павінна рабіцца. Просім прабачэння за ўсе памылкі. Гэта вельмі цяжка – калі ты працуеш, ёсць шмат асобаў, якія працуюць у цябе. Да таго ж, зараз быў самы гарачы час ва ўніверсітэтах, а мы ўсе студэнты. Абяцаем, што бліжэйшымі днямі з’явіцца новы сайт фестывалю, і там можна будзе знайсці ўсю інфармацыю. Нават тую, якую ніхто не чакае там знайсці. А калі будуць тэлефанаванні журналістаў – будуць інтэрв’ю без усякіх праблем”.

Кася Кузьміч паабяцала, што справа з візамі для тых, хто збіраецца на “Басовішча”, сёлета павінна “развязацца” станоўча. Толькі не патлумачыла, якім чынам будуць дапамагаць з візамі.

Сярод пытанняў “ТГ”, на якія адмовілася адказваць Кася Кузьміч, былі і датычныя невялікай колькасці ўдзельнікаў конкурсу, і адсутнасці ў праграме фэсту “генералаў беларускага рока” – сёлета да ўдзелу запрасілі толькі “Нейра Дзюбель” і IQ-48. Багдан Сіманенка таксама выказаў неразуменне адсутнасці ў праграме “Крамы”, Палаца”, Лявона Вольскага.

Багдан Сіманенка: “Такія сапраўдныя зоркі, мастадонты павінны выступаць на гэтай сцэне. Гэтаму фестывалю 20 гадоў, і там павінны быць, так бы мовіць, “Мроя”, “Бонда”. Для мяне Варашкевіч – гэта найперш “Бонда”, а Вольскі – “Мроя”. Калі іх не будзе, то гэты фестываль робіцца нейкай “БАСаўскай бяседай”.

Але Кася Кузьміч лічыць, што слухачы павінны прыняць жаданне арганізатараў змяніць фармат фестывалю.

Кася Кузьміч: “Мы хочам, каб усе зразумелі адну рэч: фестываль стаў развівацца. А калі фестываль хоча развівацца, то мы не можам увесь час запрашаць адны і тыя ж асобы. Ёсць дзве вялікія зоркі беларускай рок-музыкі – “Нейра Дзюбель” і IQ-48. І мы думаем, што на сёння гэтага дастаткова. Мы не хочам вяртацца ў фармат запрашэння вядомых беларускіх гуртоў, каб яны штогод гралі тыя ж самыя песні. Мы ідзем у іншы бок, фестываль хоча развівацца, мы хочам яго развіваць. І спадзяемся, што людзі будуць больш прыхільныя да гэтага”.

Нагадаем, "Басовішча-2011" пройдзе 22-24 ліпеня ў польскім Гарадку непадалёку ад мяжы з Беларуссю. Праход да сцэны вольны, а намётавае мястэчка на тры дні будзе каштаваць каля 7 долараў.

У якасці хэдлайнераў заяўленыя гурты Neuro Dubel, IQ48, праект вядомых польскіх музыкаў R.U.T.A і ўкраінскі этна-гурт "ДахаБраха", які выступіць разам з беларускім эмбіент-калектывам "Port Mone". Апроч таго, на фестывальную сцэну выйдуць "Зніч", "TT-34", Yellow Brick Road, пераможцы леташняга конкурсу Akute і лаўрэаты Exist-M. Музычную частку дапоўняць канкурсанты "Басовішча", а таксама гурты з Вольнай Сцэны. Акрамя канцэртаў, чакаюцца выступы дыджэяў, перфомансы, праекцыі фільмаў, сустрэчы з музыкамі, майстар-класы ды іншае.

Фота: picasaweb.google.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі