Шэнда Рул паказала беларусам шалёны басаногі джаз!

"Уявіце, што вы перад мостам: з аднаго боку ёсць Мінск, а з другога – нешта завоблачнае. Не зусім бачнае... І зараз па гэтым мосце мы паспрабуем ісці", – з такімі словамі адмысловы вядучы канцэрту Андрэй Саўчанка запрасіў на сцэну сапраўдную дзяўчыну-магніт – Шэнду Рул.

У нашых шыротах спявачка не першы раз – Шэнда даўно і з поспехам гастралюе па Расіі ды Украіне. Таму перад чаканай гледачамі амерыканскай музыкай са сцэны наўпрост "палілася" руская мова.

"Добры вечар! Як справы? Усё добра?" – запыталася Шэнда.

Прагучала першая кампазіцыя.

"Сёння вечарам мы будзем атрымліваць асалоду ад песень выдатнай спявачкі Ніны Сімон. Спадзяюся, вы з’яўляецецся фанатамі яе творчасці?" – звяртаецца Шэнда да аўдыторыі ўжо на англійскай. І калі чуе ў адказ даволі рэдкія воклічы, нібыта ўдакладняе: "А тут хто-небудзь размаўляе па-англійску?"


Калі ў зале ўздымаецца некалькі нясмелых рук, Шэнда усміхаецца і жартуе:

"Окей! Тады вы і будзеце перакладаць астатнім!"




Падчас другой жа песні чыкагская дзіва вырашыла, што хопіць умоўнасцяў - зняла басаножкі і пачала адплясваць у такт рваным рытмам разам з музыкантамі.

"Я вырасла ў амерыканскіх цэрквах. Не, нават не так, – распавядае Шэнда Рул. – У чорных амерыканскіх цэрквах. І вось у такіх цэрквах мы размаўляем вельмі гучна. Мы спяваем вельмі гучна, напрыклад вось так: "Хэй, мээээн?" – крычыць у залу спявачка. І гледачы, зразумеўшы сутнасць "гульні", адказваюць: "Хэй, мэээн!" і задаволена смяюцца.

 

Цяжка падабраць эпітэты, якія б дакладна апісалі чыкагскую спявачку. Пачуццёвая, абаяльная, чароўная. Нават людзі не моцна набліжаныя да музыкі не змаглі б застацца абыякавымі да яе творчасці. У адрозненні ад шматлікіх "заезджых" артыстаў, Шэнда Рул ні ў якім выпадку не пакідала пасля сябе адчуванне "матылька аднаго вечару". Сапраўдная, жывая і простая, ёй не стаялася на месцы падчас усяго выступу. Шэнда "адплясвала" у такт музыцы, "горача" рухалася, "фліртавала" з музыкантамі і нібыта "размалёўвала" усім гэтым музычныя партыі, якія выконвалі Apple Tea.

 

 

 

"Зараз прагучыць адна з маіх улюбёных песень Ніны Сімон. І тут мне спатрэбіцца ваша дапамога, – зноў звяртаецца да гледачоў Шэнда. - Так што будзьце гатовыя".


Вядомая сваімі гармоніямі, нечаканымі памерамі (5/4, 7/4) і сінкопамі, Шэнда Рул і сама – рытм. Гледачы "адчулі на сабе", што значаць сінкопы чарнаскурай прыгажуні, калі яна папрасіла прапляскаць рытм адной з яе кампазіцый.

"Даўно ўжо не хацелася выйсці пасля канцэрту і сказаць: "Яна клёвая!" – кажа жанчына ў фае падчас антракту. – А Шэнда – клёвая!"


"Яна нагадвае драпежніцу, – працягвае яе субяседніца. – З грацыяй дзікай кошкі".



Як з гэтым не пагадзіцца! У сваім непаўторным выкананні Шэнда Рул нібыта забаўляецца і атрымлівае асалоду ад кожнай ноты. Гіпнатызуе, заводзіць, хвалюе. Падчас кожнага сола спявачка танцавала насупраць таго з музыкантаў, хто яго выконваў. Такія музычныя тандэмы дарылі адчуванне, што Ён грае толькі для Яе, а Яна за гэта прысвячае Яму танец…

 

 

Пасля 2,5 гадзін шыкоўных спеваў і не менш шыкоўнага музычнага аздаблення імпрэзы, Шэнда Рул яшчэ раз прадставіла музыкантаў Apple Tea і сышла са сцэны. Але пасля некалькіх хвілін бурных апладысментаў зноў выйшла да гледачоў, каб выканаць цудоўны, пранікнёны "фінальны" блюз.

 

 

 

Публіка яшчэ доўга праводзіла спявачку бурнымі апладысментамі стоячы, а Шэнда выказала спадзеў вярнуцца ў Беларусь.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі