Animal ДжаZ:"З намі быў страшны калапс, калі адбыўся тэракт у Мінску"

Канцэрт "апошніх рамантыкаў рок-музыкі", як часта называюць Animal ДжаZ, павінен быў адбыцца ў Мінску 15-га красавіка, але ў сувязі з сумнымі падзеямі ў нашай сталіцы, быў перанесены на травень. Самі музыкі былі моцна ўражаныя выбухам у мінскім метро, але, як распавёў Еўрарадыё гітарыст гурта Яўген “Джонсан” Рахоўскі, ехаць у Беларусь не баяліся:


Яўген “Джонсан” Рахоўскі: "З намі быў страшны калапс, калі адбыўся тэракт у Мінску. Літаральна праз пару дзён пасля выбуху у нас павінен быў адбыцца канцэрт. Натуральна, у сувязі з траўрам усё перанеслася, а наш саліст Аляксандр Красавіцкі “Міхалыч” вельмі моцна захварэў. Адзіным нашым жаданнем тады было, каб ён хутчэй ачуняў і, нарэшце, мы б змаглі прыехаць у Мінск! Не было ніякага страху – наадварот, мы хацелі развеяць сум і супакоіць людзей. Нам не страшна! Мы хацелі, і мы прыехалі!"


Праграма канцэрту складалася як з песень новага альбому, так і з добра вядомых хітоў гурта. Паколькі ўжо па традыцыі Animal ДжаZ выклалі новы альбом у Інтэрнэт, фанаты былі падрыхтаваныя і разам з вакалістам спявалі новыя кампазіцыі.

 


Самыя актыўныя фанаты абступілі сцэну з усіх бакоў і актыўна падтрымлівалі гурт бурнымі авацыямі. Дарэчы, нягледзячы на тое, што гурту Animal ДжаZ ужо 10 гадоў, прыхільнікі творчасці "піцерцаў", здаецца не сталеюць – большасць прысутных на канцэрце фанаў ледзь дацягвала да 17-18 гадоў. Вось і вакаліст гурта "Міхалыч" вырашыў пазабаўляцца і пачаў правяраць пашпарты гледачоў:


Аляксандр "Міхалыч" Красавіцкі: "Табе колькі гадоў? 18? Дакументы ёсць? Пашпарт! Нямааа. А ты? 16? Не, у 16 яшчэ нельга. А табе ўвогуле 14? Ого! Так, раз, два, тры і гэтых вось таксама (паказвае на фанаў у першым шэрагу) – вон!" – смяецца Аляксандр.

 

 


Так, Аляксандр Красавіцкі сачыў за публікай і час ад часу даваў гледачам паспяваць замест сябе.

 

Так адбылося падчас рамантычнай "Думать дважды", "Сами", "Вера". Атрымлівалася даволі відовішчна – паўнюткая зала ў адзін голас выцягвала сентыментальныя радкі: "Всегда, когда мой телефон звоніт, я знаю, это ты" і "Роняю листы, и опускаю ладони словно желтеющий клен, расту на песке,в котором утонет…".


Што тычыцца новага альбому са "сціплай" назвай "Animal ДжаZ", самі музыканты лічаць, што ён нічым не горшы і не лепшы за самы першы альбом гурта "Анімалізм".


Яўген "Джонсан" Рахоўскі: "Першы альбом мы назвалі "Анімалізм", і ён крышачку не дацягнуў да Animal ДжаZ. Ён быў крышачку сырым, можа быць, недазразуметы намі самімі, але выдадзены. А вось альбом "Animal ДжаZ" праз 10 гадоў падобны на Animal ДжаZ. Гэта рэальна тое, што мы хацелі зрабіць першапачаткова, але 10 гадоў не атрымлівалася. А зараз атрымалася!"


 

 

 

Запіс пласцінкі адбываўся ў той жа студыі гуказапісу, дзе калісьці музыкі запісвалі свой першы дыск. Animal ДжаZ задаволеныя тым, што атрымалася зрабіць гэты альбом без прыцягнення саунпрадзюсера, дадатковых выдаткаў на тэхніку, без выезду гурта ў іншыя студыі ды без адпраўкі фанаграм на мастэрынг у Лондан.


Яўген "Джонсан" Рахоўскі: "Мы селі ў нас на студыі ў Піцеры і ўсё зрабілі там! Праўда,- прызнаецца музыкант,- пасля адправілі нашы трэкі ў Маскву Барысу Істоміну, і ён зрабіў мастэрынг. А так мы зрабілі альбом сваімі рукамі! Як малады гурт! Тым больш, у нас няма розных там прадзюсараў ці інвестараў. Гэта нашы грошы! Нашы сілы! Наша энергія! Гэта прыклад таго, як кожны хлопец можа ўзяць у рукі музычны інструмент і ўсё зрабіць самастойна. Вось мы так і зрабілі!"






Animal ДжаZ двойчы выходзілі "на біс", чым вельмі парадавалі сваіх фанаў. Першай песняй "бісу" стала "шалёная" "Малако" ў новай аранжыроўцы, за ёю – "Ответ нет". Заключнай стала скрыпічная фуга, спецыяльна напісаная для новага альбома клавішнікам Animal ДжаZ Аляксандрам Заранкіным, пад якую музыкі і развіталіся з залай.

Фаны яшчэ доўга не разыходзіліся і чакалі музыкантаў для аўтограф-сесіі.







"Заўжды, калі нас у пытаюць, чаму мы так рэдка прыязджаем, мы адказваем: ніхто з нас не працуе і нічым, акрамя музыкі, не заняты. Адпаведна, занятыя арганізатары таго ці іншага гораду. Менавіта з-за іх мы так рэдка і прыязджаем, – кажа Яўген "Джонсан" Рахоўскі. – Тут у нас ёсць сябры – гэта Дзіма і Антон, якія раней, не ведаю як зараз, займаліся сайтам xlam.by Вось яны выраслі і пачалі гэта рабіць. Таму, у прынцыпе, ўсё стала на кругі свае і, я спадзяюся, мы будзем часцей наведваць Мінск!"

 






Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі