Рэпер Мос Дэф стане Чакам Бэры

Нью-ёркскі рэпер і акцёр Мос Дэф абраны на ролю легендарнага гітарыста і спевака Чака Бэры. Паводле паведамлення Variety, здымкі карціны "Cadillac Records" ужо распачаліся ў штаце Нью-Джэрсі. Галоўную ролю Леанарда Чэса, аднаго з заснавальнікаў чыкагскай студыі гукапісу Chess Records, выконвае Эдрыян Броўдзі.

Дадам, што на Chess Records у 1950-х былі выдадзеныя кружэлкі ўсіх ключавых выканаўцаў блюзавай сцэны.

У карціне таксама занятыя Джэфры Райт, Бэёнс Ноўлз, Каламбус Шорт і Імон Уокер.

Мос Дэф здымаецца ў кіно з канца 90-х. Эпізоды з яго ўдзелам можна бачыць у такіх карцінах, як "Баль монстраў", "Аўтастопам па галактыцы", "16 кварталаў" і "Перамотка".

Фота: www.northbynorthwestern.com