RED ELVISES у Мінску

Той, хто не трапіў нядзельным вечарам 31 жніўня на канцэрт RED ELVISES, дакладна пашкадаваў. 31 жніўня ў клубе “Night Star” мінчукі танчылі. Драйв ліўся са сцэны ураганам, нягледзячы на тое, што з амерыканскага складу “Элвісаў” на канцэрце прысутнічалі толькі Алег Бернаў (бас) і Ігар Юзаў (вакаліст), якія прынамсі і прыдумалі гэты гурт. Астатнія музыкі былі запрошаныя з Расіі.

Маладыя выхадцы з СССР з’ехалі за мяжу, як толькі зразумелі, што на музычнай ніве на радзіме дасягнуць поспеху немагчыма. Шлях да вядомасці быў доўгім, але ж з бясконцымі гастролямі, здымкамі ў кіно і на тэлебачанні, запісам 11 альбомаў на расійскай і англійскай мовах.

RED ELVISES нарэшце знайшлі сваю аўдыторыю ў розных краінах свету.
“Чырвоныя Элвісы” выконваюць грымучую сумесь рокабілі, сёрфа, твіста і рускага фальклору. І, канешне ж, робяць яны гэта вельмі несур’ёзна!
Асабістая абаяльнасць, запальная ігра, фантастычная энергетыка і пачуццё гумару артыстаў, а таксама неверагодныя танцы і вар’яцкія грымасы, якія музыкі выраблялі на сцэне, нагадалі ўсім прысутным, што Элвіс жывы.
Гурт не займае першыя радкі гіт-парадаў на Захадзе, але затое менавіта “Элвісы” граюць там рок-н-рол, заснаваны на рускай традыцыі сучаснай музыкі. І хаця іх недастаткова ведаюць на радзіме, насуперак усяму, кожны канцэрт RED ELVISES становіцца падзеяй і збірае поўныя залы.

Вось і зараз музыкі доўга не маглі сысці за кулісы, выконваючы “на біс” песню за песняй. Апошні дзень лета ў Мінску быў адзначаны сапраўдным святам рок-н-ролу і выдатнага настрою!











Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі