Расія "каштуе" Беларусі $3 млрд раз на пяць гадоў
17 лістапада Лукашэнка паскардзіўся расійскім журналістам, што за 9 месяцаў праз дэвальвацыю расійскага рубля Беларусь згубіла да 3 млрд гандлёвага абарота з Расіяй. "Адзіная светлая пляма ў гэтым — у аб'ёмах мы прырастаем. Але мы наш экспарт улічваем у доларавым эквіваленце", — патлумачыў страты кіраўнік Беларусі.
Цікава, што пра "адток прыкладна да 3 млрд долараў з краіны" Аляксандр Лукашэнка казаў расійскім журналістам яшчэ 5 гадоў таму. У 2011 годзе Беларусь перажыла трохразовую дэвальвацыю. На прэс-канферэнцыі для СМІ з рэгіёнаў Расіі, што адбылася 7 кастрычніка 2011-га, Лукашэнка заявіў, што мядзвежую паслугу Беларусі аказалі расіяне са сваімі мытнымі пошлінамі на аўтамабілі.
"І да 1 ліпеня, вядома ж, нашае насельніцтва гэты хлам спрабавала ўвезці безразмента. Гэта перадвызначыла адток, па ацэнках экспертаў, прыкладна да 3 млрд долараў з краіны", — сказаў тады Лукашэнка.
17 лістапада ў Мінску адбываецца прэс-канферэнцыя кіраўніка Беларусі для прадстаўнікоў расійскіх рэгіянальных медыяў. Еўрарадыё вядзе онлайн-трансляцыю таго, што адбываецца ў Палацы Незалежнасці.