Вы тут

Афганістан, Данбас, Карабах: раны, якія не загойваюцца

Ветэран афганскай вайны Мікалай Гарбуза каля помніка воінам-інтэрнацыяналістам у горадзе Верхнядзвінску, Беларусь / Еўрарадыё

Уявіце сітуацыю: сур'ёзна паранены чалавек, як быццам не заўважаючы свайго стану, стараецца паводзіць сябе як звычайна. Ён ходзіць па вуліцах, ездзіць у транспарце, мае зносіны з людзьмі і робіць пакупкі — а рана працягвае сплываць крывёй. Параненаму дрэнна, і калі яму не дапамагчы, ён проста загіне. Але замест таго, каб бегчы да доктара, ён спрабуе неяк звыкнуцца са сваім становішчам, заглушыць боль або адаптавацца да яго.

З такімі ранамі жывуць мільёны людзей. Толькі паранены — гэта чалавек, які прайшоў вайну, а крывацечная рана — посттраўматычнае стрэсавае расстройства, скарочана ПТСР. Гэты стан узнікае ў людзей, якія сутыкнуліся з чымсьці страшным, небяспечным, жахлівым; з вельмі негатыўных досведам, які пагражаў іх жыццю. Напрыклад, з вайной.

Пасля чарады ваенных канфліктаў, праз якія прайшлі і да гэтага часу праходзяць жыхары краін Усходняй Еўропы, ад ПТСР пакутуюць мільёны людзей. Пры гэтым многія нават не ўсведамляюць, што менавіта з імі адбываецца, і не ведаюць, што з прафесійнай дапамогай яны маглі б пазбавіцца ад гэтага стану.

"Калі б пра нас не забыліся, калі б была магчымасць псіхалагічнай дапамогі, то менш бы ў бутэльку зазіралі, не пакутавалі", — кажа Мікалай Гарбуза, ветэран афганскай вайны з Беларусі.

Доўгія гады пасля "дапамогі брацкаму афганскаму народу" ветэраны пакутавалі ад посттраўматычнага стрэсавага расстройства, для якога ў СССР не было ні назвы, ні дактароў. Гісторыі беларускіх "афганцаў" чытайце ў матэрыяле "Еўрарадыё" "Хто не справіўся сам — у дапамозе ўжо не мае патрэбы".

Ветэраны Прыднястроўскага канфлікту ў Малдове таксама засталіся без дапамогі, з траўмамі, незаўважанымі ні грамадствам, ні дзяржавай. "У малдаван псіхолаг — гэта шклянка віна", — усміхаецца ветэран Віктар Патрашку.

 

Колькі людзей атрымалі псіхалагічныя траўмы ў Прыднястроўскім канфлікце, невядома — ніхто не лічыў. Ветэраны не ходзяць да псіхолагаў, "лечацца" алкаголем і пытаюцца ў сябе, дзеля чаго яны ваявалі. Пра гэтых людзей расказвае ZdG у артыкуле "Бездапаможныя: посттраўматычнае стрэсавае расстройства ў ветэранаў Прыднястроўскага канфлікту".

"У нас не прынята звяртацца па дапамогу да псіхатэрапеўтаў, нават з роднымі пра гэта гаварыць сорамна", — кажа Гасым, ветэран Карабахскага канфлікту. — Але трэба гаварыць пра гэтую хваробу". Калі ён вярнуўся дадому ў 96-м, ніхто не мог зразумець, што з ім. Ветэрана доўга лячылі ад неўрозу, не маглі паставіць правільны дыягназ. Але потым яму пашанцавала, трапіўся доктар, які распазнаў сімптомы ПТСР — настальгію па вайне, дэпрэсію, галаўныя болі, бессань, суіцыдальныя думкі і агрэсію. Большасць ветэранаў у Азербайджане, у адрозненне ад Гасыма, жыве з гэтымі сімптомамі, не ведаючы пра свой дыягназ.

Айку Тарасяну, армянскаму ветэрану Карабахскага канфлікту, але 20 гадамі пазней, таксама пашанцавала. Адразу пасля вяртання да мірнага жыцця яму паставілі правільны дыягназ і аказалі псіхалагічную дапамогу. 

Пра ветэранаў Карабахскага канфлікту ў Азербайджане і Арменіі піша JAM-news у матэрыяле "Людзі, для якіх вайна не заканчваецца".

Ад ПТСР пакутуюць не толькі былыя салдаты. Расстройства не шкадуе і тых, хто не браў у рукі зброі. "Мы так і не змаглі адаптавацца, ні жанчыны, ні мужчыны, і таму нам складана мець зносіны і з дзецьмі, і з суседзямі, і ў грамадстве. Мы не сустракаліся і не размаўлялі з псіхолагамі. Нам нічога не тлумачылі", — расказвае ваенная медсястра Рухсара Джумаева, якая прайшла Карабахскую вайну не з аўтаматам у руках, а з медыцынскай сумкай.

 

Як перажываюць псіхалагічныя траўмы ваенная медсястра, перасяленец з зоны ваенных дзеянняў і ветэран — чытайце ў рэпартажы Мэйдан-ТБ "Нябачныя раны".

Людзі, якія не ваююць, але жывуць на прыфрантавых тэрыторыях, знаходзяцца ў пастаянным стане стрэсу. Яны перажываюць кашмары, навязлівыя траўматычныя ўспаміны, бессань, фобіі. Пасля вайны чалавек ужо, вядома, не будзе такім, як раней, але ўсе гэтыя сімптомы можна вылечыць. У рэпартажы "Псіхалагічныя раны вайны і хто іх лечыць" "Грамадскае" расказвае пра ўкраінскага псіхолага Іну Долю, якая працуе з людзьмі, што жывуць на лініі данбаскага фронту.

Посттраўматычнае стрэсавае расстройства можа быць выклікана не толькі траўмамі вайны. Рэпрэсіўны дзяржаўны рэжым — незаконныя затрыманні, катаванні, пазасудовыя пакаранні смерцю, падпалы дамоў, публічныя прыніжэнні людзей — таксама могуць стаць прычынай або ўзмацніць ПТСР. Асабліва ў людзей, якія перажылі і ваенны час. Узровень такой траўматызацыі на Паўночным Каўказе, асабліва ў Чачні, вельмі высокі, а спецыялістаў, якія маглі б дапамагчы, катастрафічна не хапае. Пра сітуацыю з ПТСР на Паўночным Каўказе чытайце ў аналітычным матэрыяле "Аскепкі траўмаў. Псіхалагічная дапамога жыхарам Паўночнага Каўказа ва ўмовах высокай траўматызацыі" на "Каўказскім Вузле".

Як бачыце, на ПТСР пакутуюць людзі з розных краін, якія перажылі вайну са зброяй у руках і без, тыя, хто пайшоў на вайну добраахвотна і каго яна застала дома, і тыя, каго працягвае траўмаваць дзяржава. Усім ім патрэбна дапамога.

Над праектам у рамках Медиасети працавалі: Алёна Чуркэ, Арман Гараджан, Башыр Кітачаеў, Дзіяна Петрыяшвілі, Дзмітрый Аваліяні, Ігар Іанэску, Кацярына Аляксандр, Маша Калеснікава, Вольга Булат, Раман Васюковіч, Святлана Казлова, Сона Марцірасян і Мэйдан ТБ.