Radiohead абвясцілі чарговы конкурс для прыхільнікаў

Брытанскі гурт Radiohead прапанаваў сваім прыхільнікам зрабіць рэмікс на загалоўную песню са свайго апошняга сінгла "Nude". Паводле паведамлення Reuters, праект арганізаваны музыкамі сумесна з онлайн-крамай iTunes і стваральнікамі камп'ютарнай праграмы для напісання музыкі GarageBand.

Кожны ахвотны можа набыць у iTunes Plus пяць нарэзак з песні: бас, вакал, гітара, струнныя/эфекты і ўдарныя. Пасля гэтага карыстальніку будзе высланы адмысловы пароль, з дапамогай якога ён зможа стварыць рэмікс у GarageBand.

Свае творы прыхільнікі могуць выкласці на сайце Radioheadremix.com, дзе да першага траўня будзе праводзіцца галасаванне за лепшы рэмікс. Аднак, ці будзе ён пасля выдадзены на кружэлках Radiohead, невядома.

Нагадаю, што нядаўна Radiohead таксама прапанавалі сваім прыхільнікам стварыць анімацыйны відэакліп на любую з песень са свайго апошняга альбома "In Rainbows".

Фота: www.theage.com.au